85 ГАДОЎ ТАМУ МАРК ШАГАЛ ВЯРНУЎСЯ Ў ВІЦЕБСК У ЯКАСЬЦІ КАМІСАРА Ў СПРАВАХ МАСТАЦТВА

Браніслава Станкевіч, Віцебск

Дзень 14-га верасьня быў абраны невыпадкова. Менавіта 14-га верасьня 1918 году Марк Шагал вярнуўся ў родны Віцебск зь Петраграду. Вярнуўся ў якасьці ўпаўнаважанага, або камісара ў справах мастацтваў, і неўзабаве ў Віцебску адчынілася кансэрваторыя, была створаная мастацкая вучэльня, куды Марк Шагал запрасіў выкладаць тагачасных мастакоў-авангардыстаў.

Нарэшце, менавіта тут была заснаваная мастацкая суполка “Сьцьвярджальнікі Новага Мастацтва” – па-расейску УНОВИС, удзельнікі якой распрацавалі прынцыпы новае эстэтыкі, эстэтыкі супрэматызму. На іхную думку, яна мусіла паспрыяць адыходу ад рэалістычнага мастацтва на карысьць рэвалюцыйнаму абстракцыянізму.

Якім чынам нашыя сучасьнікі-мастацтвазнаўцы вырашылі адзначыць гэты своеасаблівы юбілей у дзейнасьці Марка Шагала? Адштурхнуўшыся ад тае высновы, што новыя эстэтычныя прынцыпы віцебскіх авангардыстаў былі засвоеныя творцамі розных краінаў, Цэнтар сучаснага мастацтва прымеркаваў да ўчорашняга дня адкрыцьцё фотавыставы “Сучасная японская архітэктура”, якая нядаўна экспанавалася ў Менску, ды выступ сучаснага амэрыканскага балету з Сан-Францыска. Гэтыя імпрэзы прайшлі дзякуючы дапамозе амбасадаў ЗША ды Японіі. І ўсё гэта, дарэчы, толькі пачатак сёлетніх сьвяткаваньняў, прысьвечаных 85-м угодкам віцебскае мастацкае школы. Працяг сьвяткаваньняў плянуецца ў кастрычніку.