МОЛАДЗЕВЫЯ АРГАНІЗАЦЫІ МАГІЛЁЎШЧЫНЫ РЫХТУЮЦЦА ДА АКЦЫІ “ЗРОБІМ ЛЕПШ”

Марыя Усьціновіч, Магілёў

Удзельнікі круглага стала прыйшлі да высновы, што найбольш пэрспэктыўныя цяпер не палітызаваныя моладзевыя арганізацыі, а тыя, якія скіраваныя на вырашэньне праблемаў менавіта мясцовых людзей. З гэтай прычыны яны вырашылі пачаць падрыхтоўку да акцыі “Зробім лепш”, якая пройдзе ў межах Магілёўскай вобласьці. Мяркуецца, што кожная арганізацыя паспрабуе вырашыць уласнымі сіламі актуальную праблему свайго мястэчка альбо гораду.

Гэтая акцыя, мяркуюць арганізатары, ня толькі прыцягне ўвагу грамадзтва да моладзевых ініцыятываў, аднак і праверыць – хто чаго варты ў супольнасьці арганізацыяў моладзі Магілёўскай вобласьці.

У круглым стале бралі удзел, абменьваліся досьведам і кантактамі ўдзельнікі крычаўскай моладзевай арганізацыі “Верас”, стваральнікі мясцовых недзяржаўных выданьняў “Моладзевы кур’ер” і “Шосты элемэнт”, прадстаўнікі магілёўскай арганізацыі “Новая зямля”, “Задзіночаньня беларускіх студэнтаў” з Горак ды іншыя.