А палове на 9-ю раніцы ў будынку Дому быта на вуліцы Флёрава ў Воршы прагучаў выбух. Як стала вядома пазьней, ахвярамі выбуху гранаты РГД-1 сталіся трое міліцыянтаў. Яны прыехалі па выкліку супрацоўнікаў прыватнага стаматалягічнага кабінэту, што раніцай знайшлі ў сваім кабінэце нейкі дзіўны прадмет.
Кіраўнік гарадзкой міліцыі Мікалай Прэсьнякоў камэнтаваць здарэньне пакуль што адмаўляецца, спасылаючыся на таямніцу службовага сьледзтва. Цяпер у Воршы працуюць сьледчыя групы зь Менску ды Віцебску.
Паводле аповядаў відавочцаў, граната, ад якой пацярпелі міліцыянты, знаходзілася ў бутэльцы, прымацаванай каля ўваходу ў стаматалягічны кабінэт. Выкліканыя міліцыянты зьнялі бутэльку ды селі ў службовую машыну. Празь некалькі хвілін прагучаў выбух.
Пра колькасьць ахвяраў выбуху вядома хіба тое, што трое зь пяці міліцыянтаў, якія знаходзіліся ў машыне, у цяжкім стане былі дастаўленыя ў шпіталь. Адзін зь іх з прычыны атрыманых цяжкіх раненьняў неўзабаве сканаў.