СЭСІЯ БУДА-КАШАЛЁЎСКАГА РАЁННАГА САВЕТУ НЕ ПАГАДЗІЛАСЯ СКАСАВАЦЬ ДЭПУТАЦКІЯ ПАЎНАМОЦТВЫ АКТЫВІСТА АГП ІГАРА КЕКЕЛЕВА

Казімер Яноўскі, Буда-Кашалёва

На сэсію дэпутат Кекелеў прыехаў з калгасу імя Кірава Жлобінскага раёну. Тут ён паводле рашэньня суда адбывае пакараньне.

Яшчэ ўлетку Буда-Кашалёўскі раённы суд асудзіў дэпутата Кекелева на год папраўчай працы за нявыплату алімэнтаў на дзяцей цягам трох месяцаў. І хаця спадар Кекелеў дапамагаў дачцэ і сыну, якія пасьля разводу жывуць з маці, аднак афіцыйна праз бугальтэрыю грошы сапраўды не пералічваліся. Акурат цягам трох месяцаў, калі ішлі выбары ў мясцовыя Саветы, Ігар Кекелеў і ня мог знайсьці працу. У раёне яго ведаюць як актывіста апазыцыйнай партыі, і ніхто асабліва ня хоча браць да сябе на працу апазыцыянэра — гэта адзначана нават у выраку суда.

Ігар Кекелеў ня стаў абскарджваць вырак першай судовай інстанцыі і накіраваўся адбываць пакараньне ў Жлобінскую спэцкамэндатуру, якая і вызначыла яму працу ў калгасе.

На падставе выраку суда раённая пракуратура зрабіла прадстаўленьне на сэсію райсавету пра датэрміновае спыненьне дэпутацкіх паўнамоцтваў спадара Кекелева, як гэта прадугледжвае артыкул 11-ты закону пра статус дэпутатаў.

Аднак за прапанову пракуратуры прагаласавалі толькі 13 дэпутатаў з 27 прысутных. Бракавала аднаго голасу, каб дэпутацкія паўнамоцтвы Кекелева былі спыненыя.

Старшыня раённага Савету Аляксандар Галіцкі сказаў нашаму радыё, што калі саджаць за няўплату алімэнтаў людзей у турмы, то ніякіх турмаў ня хопіць. Тым больш, што спадар Кекелеў большую частку алімэнтаў за тры месяцы ўжо выплаціў былой жонцы.

Сэсія пакуль не разглядала справу пра пазбаўленьне дэпутацкіх паўнамоцтваў у дачыненьні яшчэ аднаго дэпутата — дырэктара сельгаспрадпрыемства “Дубавіцкае” Васіля Кабаева. Супраць яго ўзбуджаная крымінальная справа за “службовую абыякавасьць”. Але суда яшчэ не было, і пракуратура ня можа падрыхтаваць такое ж прадстаўленьне, якое зрабіла ў дачыненьні дэпутата Ігара Кекелева.