ДЗЯРЖАВА БОЛЬШ НЕ ЗАБЯСЬПЕЧВАЕ БЯСПЛАТНЫЯ СЬНЯДАНКІ Ў ШКОЛЕ

Ганна Соусь, Менск

Сёлета за школьнае харчаваньне вучням ад 4 да 11 клясаў давядзецца плаціць у сярэднім каля 1 тысячы рублёў на дзень. Бясплатныя сьняданкі захаваліся толькі ў пачатковай школе, а таксама для вясковых вучняў. “У дзяржавы на дзяцей грошай няма, — гэтак на пачатку навучальнага году тлумачылі сытуацыю бацькам настаўнікі. А паводле санітарных нормаў, дзеці ў школах мусяць абавязкова атрымліваць гарачае харчаваньне. Для многіх бацькоў даволі складана плаціць штомесяц 20 тысячаў і болей на харчаваньне. Гаворыць Алена Мысьлівец, маці 11-гадовага Андрэя, вучня адной зь менскіх школаў.

(Мыслівец: ) “Прымушаюць, пры гэтым вельмі шмат — па 10 тысячаў на тыдзень, гэта зашмат. Усе вельмі абураныя: навошта такія грошы, калі там вельмі сьціплыя абеды?.. Мой сын вучыцца ў 4-й клясе, і да гэтага часу бясплатныя сьняданкі ў нас былі. Я не магу сказаць, што гэта было нешта значнае, але заўсёды можна было разьлічваць і на бутэрброд, і на гарбату… Якія-ніякія, але гэта грошы, і даць з сабой нават 500 рублёў, каб ён нешта купіў у школе — гэта ня кожны можа. Наколькі я ведаю, у нашай клясе добрая палова дзяцей менавіта таму й не абедае, што ў бацькоў няма грошай”.

Паводле санітарных норамаў, у клясе мусяць харчавацца ў школе ня менш за дзьве траціны вучняў, і настаўнікаў забавязваюць забясьпечыць гэтую колькасьць. Аляксандра Лабзова, маці 9-гадовага Філіпа, лічыць, што гэта можа нэгатыўным чынам адбіцца на дачыненьнях вучняў і настаўнікаў.

(Лабзова: ) “Усё гэта кампанія. Напачатку году санітарныя службы патрабуюць. Потым нейкая вастрыня пытаньня спадзе, і да канцу году будуць харчавацца 5-7 чалавек, у асноўным тыя, хто атрымлівае бясплатнае харчаваньне. Што такое 20 тысячаў? Гэта 10 даляраў — калі сярэдні заробак у краіне 100 даляраў. Я атрымліваю 100 даляраў і ня ведаю, як вылучыць гэтыя 10 даляраў”.

Як паведаміла Радыё Свабода Ганна Малахава, загадчыца аддзелу Рэспубліканскага цэнтру гігіены, эпідэміялёгіі й грамадзкага здароўя, існуе нарматыў, у адпаведнасьці зь якім кожны навучэнец мусіць атрымліваць у школе другі гарачы сьняданак або абед. Раней існавала дзяржаўная датацыя на бясплатнае харчаваньне — 4% ад мінімальнай заработнай платы. Цяпер дзяржава датуе толькі сьняданкі для вучняў пачатковых клясаў і таксама навучэнцаў вясковых школаў. Гаворыць Ганна Малахава.

(Малахава: ) “А зараз у нас увогуле праблема. Можа, яшчэ горш будзе… Ёсьць указ прэзыдэнта “Аб арэнднай плаце”. Калі раней выдаткі на ваду, электрычнасьць і гэтак далей ва ўстановах грамадзкага харчаваньня аплочвала дзяржава, то цяпер арандатар, у дадзеным выпадку — установа грамадзкага харчаваньня — павінная ўсё гэта аплачваць. Але ў такім разе нацэнка будзе да 70-80%, і дзяцей ужо ніяк не прымусіш харчавацца.

Указ набыў моц летась, але яго ніхто не выконваў, і вось ужо сёлета вельмі жорсткае распараджэньне. Ёсьць пастанова прэм’ер-міністра пра тое, каб ворганы мясцовай ўлады кампэнсавалі грамадзкаму харчаваньню гэтыя выдаткі. Але як будзе насамрэч — я ня ведаю”.

Гэта была Ганна Малахава, прадстаўніца Рэспубліканскага цэнтру гігіены, эпідэміялёгіі й грамадзкага здароўя.