Паводле прэсавай службы Аляксандра Лукашэнкі, на нарадзе найперш абмяркоўваліся справы, якія знаходзяцца ў кампэтэнцыі Камітэту дзяржаўнага кантролю і зьвязаныя з карупцыяй. Я спытаў у Натальлі Пяткевіч, прэсавай сакратаркі Аляксандра Лукашэнкі, ці закраналіся пачас нарады іншыя гучныя справы, а менавіта — справы пра зьнікненьне вядомых апазыцыйных палітыкаў? Аднак прэсавая сакратарка Лукашэнкі пра гэта нічога не паведаміла.
У нарадзе з кіраўніком Беларусі бралі ўдзел дзяржсакратар Рады Бясьпекі Генадзь Нявыглас, старшыня Камітэту дзяржкантролю Анатоль Тозік і міністар унутраных справаў Уладзімер Навумаў. Раней падчас падобных нарадаў абавязковым быў удзел генэральнага пракурора Віктара Шэймана, але цяпер на сустрэчу з Аляксандрам Лукашэнкам яго не паклікалі. Між тым, у Пракуратуры мне паведамілі, што сёньня Віктар Шэйман быў на працы.
Нагадаю, што Віктар Шэйман называўся падазроным у датычнасьці да арганізацыі зьнікненьняў Юрыя Захаранкі, а таксама Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага. Сваякі зьніклых і праваабаронцы лічаць, што пасьля ўмяшаньня ў расьсьледаваньне гэтых справаў Аляксандра Лукашэнкі вэрсія пра магчымае дачыненьне Віктара Шэймана так і не была расьследаваная да канца.
Ірына Красоўская, у прыватнасьці, ня верыць, што зь ініцыятывы Аляксандра Лукашэнкі гэтую вэрсію могуць зноў расьсьледаваць.
(Красоўская: ) “Ня веру ў шчырасьці ані Лукашэнкі, ані Шэймана, ані Навумава ды астатніх кіраўнікоў сілавых структураў. За чатыры гады, што мінулі пасьля зьнікненьня нашых сваякоў, яны шмат разоў маглі прыйсьці да высновы, хто іх скраў і чаму, але за 4 гады гэтага не зрабілі, і тым больш зараз рабіць ня будуць”.
Нагадаю, Віктар Ганчар і Анатоль Красоўскі былі скрадзеныя невядомымі 16 верасьня 1999 году. Гэтую справу па чарзе расьсьледавалі ўжо 3 сьледчыя Пракуратуры, але безвынікова. Фармальна справа расьсьледуецца і цяпер, толькі, як адзначаюць праваабаронцы, ніякіх пэўных дзеяньняў насамрэч не вядзецца. Тое самае адбываецца і са справамі Юрыя Захаранкі й Зьмітра Завадзкага.