Ад пачатку верасьня журналістам і прадстаўнікам грамадзкасьці даведацца што-небудзь пра дзейнасьць беларускага ўраду можна толькі з афіцыйных паведамленьняў. Самім зьвяртацца зь нейкім пытаньнем ва ўрад проста няма сэнсу, бо прэсавы сакратар прэм’ера Мікалай Тоўсьцік звольнены, а ўправа інфармацыі сакратарыяту Саўміна зусім скарочанае. Мікалай Тоўсьцік пакуль бяз працы, ён уладкаваўся пазаштатным карэспандэнтам “Звязды”. Ва ўрадзе кажуць, што ён прыняў асабістае рашэньне звольніцца, на ягонае месца ніхто не прызначаны.
Карэспандэнт расейскага агенцтва ИТАР-ТАСС у Менску Андрэй Фамін сёньня на брыфінгу ў МЗС Беларусі назваў гэты крок ураду, які ізалюе яго ад грамадзкасьці й прэсы, “беспрэцэдэнтным”. У прыёмнай старшыні Саўміна журналістаў дагэтуль па звычцы накіроўваюць да аднаго з былых супрацоўнікаў былой інфрамацыйнай управы Леаніда Шынкевіча. Аднак той размаўляць з прэсай ужо ня мае права:
(Шынкевіч: ) “Не, не!.. У пятніцу мяне прызначылі намесьнікам кіраўніка сакратарыяту. А займаецца пытаньнямі да прызначэньня прэсавага сакратара Антановіч Славамір Валер’янавіч”,
— паведаміў супрацоўнік сакратарыяту ўраду Леанід Шынкевіч.
Тым часам Славамір Антановіч таксама кантактаваць з прэсай не ўпаўнаважаны, ён зазначыў Радыё Свабода, што да яго ніхто такіх абавязкаў не даводзіў:
(Карэспандэнт: ) “Вы зараз адказваеце за сувязі з грамадзкасьцю?”
(Антановіч: ) “Не, не адказваю”.
(Карэспандэнт: ) “А хто адказвае?”
(Антановіч: ) “Я адзін застаўся, але ў мяне тут шэраг іншых пытаньняў”.
Хто ж ва ўрадзе зь 1 верасьня адказвае за кантакты з прэсай, спадар Анатоновіч так і сказаў — ня ведае сам. Кола замкнулася.
Між тым, у верасьні было шмат важных падзеяў, у тым ліку скандал вакол прыватызацыі “Белтрансгазу” “Газпромам”. Акрамя таго, урад пачаў падрыхтоўку праекту дзяржаўнага бюджэту на наступны год. Але даведацца пра якія-небудзь падрабязнасьці немагчыма, бо іншым супрацоўнікам сакратарыяту Савету Міністраў забаронена кантактаваць з прэсай.
Ва ўрадзе запэўніваюць, што пасада прэсавага сакратара Саўміна ў шатным раскладзе апарату Саўміна захавалася, і калі-небудзь асоба, адказная за сувязь з грамадзкасьцю і журналістамі, будзе прызначаная, але калі — невядома.
Былы кіраўнік Кабінэту Міністраў Беларусі Міхаіл Чыгір лічыць, што такі падыход ураду Сяргея Сідорскага пашкодзіць ня толькі журналістам, але й самому ўраду:
(Чыгір: ) “Калі я працаваў, то ўсе журналісты, як у нас тут кажуць, і “чэсныя” і “нячэсныя”, мелі доступ у Кабінэт Міністраў і мелі магчымасьць атрымаць любую інфармацыю, што датычыць працы Кабінэту Міністраў. Прэсавыя канфэрэнцыі праводзіліся адзін раз на два тыдні. Абавязкова, у любым выпадку. Калі не было прэм’ера, то абавязкова бралі ўдзел віцэ-прэм’еры. Так што розьніца вялікая. А тое, што зараз адбываецца, то я гэтага наогул не разумею”.
Міхаіл Чыгір упэўнены, што ўрад павінен прадстаўляць поўную інфармацыю пра сваю працу, ён мяркуе, што апошнія нэгатыўныя зьмены тут зьвязаныя з падыходамі новага кіраўніка ўраду Сяргея Сідорскага. Калі ж трэба было скараціць штаты, то пачынаць трэба было зусім не з інфармацыйнай управы. Насамрэч ва ўрадзе ёсьць каго скарачаць, зазначае Міхаіл Чыгір.