ІДЭАЛЯГІЧНЫ ПЛЯЦДАРМ НА РАДЗІМЕ ДЗЯРЖЫНСКАГА ХОЧУЦЬ ПЕРАЎТВАРЫЦЬ У МУЗЭЙ БЕЛАРУСКАЙ ШЛЯХТЫ

Ігар Карней, Менск

Цяпер у Дзяржынава ня едзе ніхто. Толькі супрацоўнікі КГБ адведваюць радзіму заснавальніка Камітэту, каб паклясьціся ў адданасьці справе “жалезнага Фэлікса”. Сёлета, як і ў мінулыя гады, курсанты былой Вышэйшай школы КГБ СССР, якая цяпер ёсьць адным з вучэбных падразьдзяленьняў Камітэту, будуць на прыродзе, фактычна ў лесе прысягаць на вернасьць Беларусі.

Пра запаветы Дзяржынскага, як сьведчыць досьвед папярэдніх гадоў, ужо ня кажуць, але факт падарожжа ў фальварак Дзяржынскіх сам па сабе адметны: на пасьлясавецкай прасторы Беларусь застаецца адзінай краінай, дзе стаўленьне да галоўнага колісь чэкіста на дзяржаўным узроўні істотна не зьмянілася. Вядомая усім абрэвіятура з трох літараў ужываецца толькі ў Беларусі. Помнік жалезнаму Фэліксу па-ранейшаму стаіць насупраць будынку КГБ; як і раней, ягонае імя носяць калгасы, у школьных дапаможніках ён называецца “палымяным рэвалюцыянэрам”. І зьмяніць гэтую сумніўную традыцыю імкнуцца не на ўладным узроўні, а, як ні парадаксальна, знутры: малодшы навуковы супрацоўнік мясцовага музэю Міхал Грыб і кіраўнік народнага музэю ў Івянцы Алег Раманоўскі намагаюцца пазбавіць Дзяржынава ідэалягічнага кляйма, пераўтварыўшы прапагандысцкі палігон у Музэй шляхты. Дарэчы, гэтыя захады ня вельмі вітаюцца ў КГБ, і сёлета ўпершыню музэйных супрацоўнікаў не папярэдзілі пра цырымонію клятвы курсантаў. Спадар Раманоўскі на гэта адрэагаваў нечакана — нават не зразумееш адразу, жартам, ці ўсур’ёз…

(Раманоўскі: ) “Мяне яны не папярэджвалі. Звычайна папярэджваюць, а зараз нічога не сказалі. А я калі ня буду ведаць, вазьму іх і не пушчу”.

(Карэспандэнт: ) “Да супраціву справа, трэба думаць, ня дойдзе. Але скажыце, спадар Раманоўскі, у свой час былі задумы аднавіць увесь архітэктурны ансамбаль фальварку Дзяржынава. Штосьці зрушылася ў гэтым кірунку?”

(Раманоўскі: ) “Так, узьвялі двухпавярховы дом паводле праекту. Дом гэты калісьці збудаваў архітэктар Юстын Дзяржынскі, дзядзька Фэлікса, брат Эдмунда. Натуральна, хацелася б аднавіць усе будынкі, якія былі, каб паказаць, як жыла беларуская шляхта ў XVII–XIX стст. Мы нават праводзім калі-нікалі мерапрыемствы пад назовам “У гасьцёх у шляхты”. І там не глядзім на пэрсаналіі. У дадзеным выпадку больш Станіслава Дзяржынскага ўзгадваем, Казімера, якія не пайшлі ў савецкую Расею, а засталіся тут, на Захадзе. Станіслаў быў лекар, столькі людзей тут выратаваў! Адмысловец быў выдатны. Сярод Дзяржынскіх усе былі таленавітыя: юрыст быў, мастак, архітэктар. Іх род вельмі цікавы”.

Да словаў спадара Раманоўскага дадам, што ў аднаўленьне фальварку ўжо ўкладзена звыш 50 мільёнаў рублёў (гэта больш за 25 тысячаў даляраў). Дзеля справядлівасьці, Камітэт дзяржбясьпекі гэтаксама сярод спонсараў дому-музэю. Але відавочна, што сам камітэт такую будоўлю не пацягне: прынамсі, адчынены адмысловы рахунак, куды дабраахвотна можна пералічыць сродкі. Ахвотных, праўда, няшмат, калі не сказаць, што іх няма зусім, а вось мясцовы лясгас дапамагае матэрыяламі, і дом паводле праекта Юстына Дзяржынскага — гэта заслуга якраз Івянецкага лясгасу.

Паступова рамантызаваная постаць Фэлікса Дзяржынскага, які адзіны са свайго шляхетнага роду падаўся ў палымяныя рэвалюцыянэры, адыходзіць на задні плян. Сёньняшнія рэаліі сапраўды патрабуюць істотных гістарычных карэктываў, бо колісь Дзяржынскі дзеля сваёй палітычнай мэты ператварыў краіну ў сетку канцэнтрацыйных лягераў і ўсяляк дапамагаў ўсталявацца таталітарнаму рэжыму. Тыя традыцыі можа хтосьці й хацеў бы аднавіць, але людзі жывуць ужо іншымі каштоўнасьцямі.