АГЛЯД БЕЛАРУСКАЙ ПРЭСЫ ЗА 10 ВЕРАСЬНЯ

Юлія Шарова, Менск

“БДГ” сёньня вяртаецца да скандала ў Лібэральна-дэмакратычнай партыі, якая раптоўна ператварылася ў гэтакае каралеўства без караля, пасьля таго як Сяргея Гайдукевіча ахілілі ад кіраўніцтва партыяй. Ці будзе адноўленая ў ЛДПБ пасада старшыні, альбо партыя ў далейшым адмовіцца ад лідэра? Адказ на гэтае пытаньне павінен даць Мінюст у месячны тэрмін.

Таксама сёньняшняя “БДГ” піша пра новую працу для экс-міністраў. Былы міністар інфармацыі Міхаіл Падгайны цяпер працягвае сваю працоўную дзейнасьць у якасьці генэральнага дырэктара рэспубліканскага аб’яднаньня “Белсаюздрук”. Сам былы чыноўнік у інтэрвію газэце прызнаецца, што пасьля звальненьня з пасады міністра да яго паступалі розныя прапановы, нават “вельмі камэрцыйныя”, але ён вырашыў, што пасада кіраўніка “Белсаюздруку” пасуе яму больш.

“Народная воля” зьвяртаецца да надзвычай актуальнай сёньня тэмы пэнсіяў, але ў артыкуле “Дарога ў пекла” вядзецца не пра пэнсійную рэформу, а пра тое, што дзяржава хоча зьліквідаваць Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва. Лукашэнка надяўна заявіў, што “другое міністэрства фінансаў” у выглядзе фонда краіне не патрэбнае. Ці ёсьць пагроза для пэнсіянэраў аказацца бяз звыклага стабільнага прыбытку? Пра гэта разважае на старонках “Народнай волі” презыдэнт Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук.

“Советская Белоруссия” згадвае пра энэргетычныя катастрофы, якія здараліся ў нашай краіне ў папярэднія гады. Зразумела ж, гэтыя аварыі нельга суаднесьці з катастрофай, якая напаткала нядаўна Злучаныя Штаты й Канаду, аднак для беларускай гаспадаркі падобныя інцыдэнты заканчваліся значнымі стратамі.

Кватэрнае пытаньне даўно сапсавала ня толькі масквічоў, але й насельнікаў іншых буйных гарадоў. Менск тут не выключэньне. У Беларусі 560 тысяч сем’яў маюць патрэбу ў жытле і кожная пятая сям’я – менчукі. Аднак праз 10-15 год чэргі на кватэры ў сталіцы могуць зусім зьнікнуць, бо штогод у Менску будуць будаваць мільён квадратных мэтраў жытла. Як такое можа атрымацца – пра гэта піша сёньняшняя “Советская Белоруссия”.

Менчукоў, зрэшты, псуе ня толькі кватэрнае, але й транспартнае пытаньне. Кожную раніцу й кожны вечар машыны надоўга затрымліваюцца ў корках, што ўтвараюцца ў самым цэнтры сталіцы. Рэч у тым, што ўчастак праспэкта Скарыны ад цырка і да плошчы Перамогі зачынены на капітальны рамонт. Але й кіроўцаў і пасажыраў нэрвуе няпэўнасьць: дарогу то адчыняюць, то зачыняюць і прадбачыць, калі зноў узьнікне корак, немагчыма. Як доўга гэта будзе працягваецца – спрабавалі высьветліць карэспандэнты “Камсамолкі”.