Вось як ацэньваў значэньне гэтай стужкі міністар прапаганды Трэцяга рэйху Йозэф Гэбэльс:
(Гэбэльс: ) “Гэтая стужка – “Трыюмф волі” – гэта вялікае дасягненьне, паколькі яна прадстаўляе час, прадстаўляе падзеі сёньняшняга палітычнага жыцьця ў манумэнтальных вобразах, ня бачаных ніколі раней. Гэта самы знакаміты фільм пра фюрэра, які калі б ні было быў зроблены”.
Сама Рыфэншталь пазьней казала, што яна не прапагандавала ідэяў фашызму, але проста шчыра захаплялася ў маладосьці асобай Гітлера. Вось што яна казала у інтэрвію 19 кастрычніка 2000 году ў Франкфурце.
(Рыфэншталь: ) “Паглядзіце гэтую стужку, і вы ўбачыце, як няшмат у ёй палітыкі, там няма ніводнага антысэміцкага выпаду, няма ніводнага аўтарскага слова ці камэнтару. Гэта толькі адлюстраваньне таго, што сапраўды адбывалася. Не было аніякай спробы даць стужцы выразны палітычны накірунак”.
Дарэчы будзе згадаць, што вялікія фрагмэнты зь фільму “Трыюмф волі” былі паказаныя некалькі гадоў таму ў Менску ў рамках фэстывалю “Сэрівльнае мастацтва”, падрыхтаванага нямецкімі кінэматаграфістамі пры дапамозе Фонду Гётэ. Стваральнікі дакумэнтальнага фільму, прысьвечанага Лені Рыфэншталь, рабілі акцэнт на тым, што ў яе была альтэрнатыва. У адрозьненьні ад Рыфэншталь, колішняя сяброўка Лені, выдатная нямецкая актрыса Марлен Дытрых эмігравала зь гітлераўскай Нямеччыны ў ЗША, актыўна выступала супраць фашызму ды антысэмітызму.