НА ГОМЕЛЬШЧЫНЕ САМАСЁЛЫ ХАРЧУЮЦЦА ГРЫБАМІ З РАДЫЯЦЫЙНАГА НЕРУШУ

Казімер Яноўскі, Гомельская вобласьць

Асабліва шмат людзей у радыяцыйным нерушы можна сустрэць у апошнія дні, калі пасьля дажджоў у рост пайшлі баравікі. Супрацоўнікі службы аховы запаведніку сьцьвярджаюць: зараз яны штодня затрымліваюць сама меней паўдзясяткі грыбнікоў.

Хто ж такія, гэтыя грыбнікі, што не зважаюць на радыяцыю?

Распавядае намесьнік дырэктара запаведніку Аляксандар Леуш:

(Леуш: ) “Ведаеце, гэта нашы жабракі, можна сказаць. Нарыхтоўкай займаюцца ці проста… Кожны кажа, што для сябе зьбірае. Глядзімо, калі старэнькая бабулька, то куды ўжо ў яе грыбы забіраць — аддаем назад. А калі маладыя, то непасрэдна пры іх топчам, зьнішчаем гэтыя грыбы і складаем пратаколы”,— сьцьвярджае спадар Леуш.

Паводле яго словаў, складзены ўжо 261 пратакол у дачыненьні грыбнікоў, якія парушылі патрабаваньні рэжыму радыяцыйнае бясьпекі. Штраф за гэта ад 13 да 40 тысячаў рублёў.

Часьцей за ўсё зборам грыбоў займаюцца самасёлы Брагінскага, Нараўлянскага раёнаў.

Едуць у неруш па грыбы і жыхары Мазыру, Калінкавічаў, некаторых іншых райцэнтраў. І гэта тым, што нават па пэрыметру запаведніку ўзровень забруджваньня грыбоў, як правіла, перавышае дапушчальную норму ў 20 разоў. Унутры запаведніку грыбы набіраюць да 74 тысячаў бэкерэляў на кіляграм — у 200 разоў болей за дапушчальны ўзровень.

Сапраўдным месцам паломніцтва жыхароў навакольных вёсак стала адселеная зона ў Грабянёўскім сельскім Савеце Лельчыцкага раёну. У сэзон лісічкі тут імкнуцца зьбіраць сем’ямі. Грыбы ў гэтых мясцінах не нашмат перавышаюць ўзроўні радыяцыйнага забруджваньня. Іх вяскоўцы спажываюць самі або здаюць розным нарыхтоўшчыкам і зарабляюць на гэтым неблагія грошы. Ва ўсякім разе, нашмат болей, чым на працы ў калгасе.