ЦІ ВЫКАНАЎ АЛЯКСАНДАР ЛУКАШЭНКА СВАЕ ПЕРАДВЫБАРЧЫЯ АБЯЦАНЬНІ?

Ганна Соусь, Менск

Два гады таму 9 верасьня ў Беларусі адбыліся прэзыдэнцкія выбары, у выніку якіх Аляксандар Лукашэнка застаўся пры ўладзе. Ці выконвае ён свае перадвыбарчыя абяцаньні? Меркаваньні маіх суразмоўцаў на гэты конт падзяліліся.

(Спадар: ) “Не, не выканаў. Ён абяцаў нейкую вялікую зарплату, памятаю. Я сам бюджэтнік, чыноўнік, як было ў мяне 50 даляраў — так і засталося. Таму я й лічу, што ён нічога ня выканаў”.

(Спадарыня: ) “Ведаеце, няма часу мне ўсё прыпамінаць, што абяцаў, але я думаю, што не”.

(Спадар: ) “Часткова выканаў. Стабільнасьць у краіне”.

(Спадарыня: ) “Выканаў усё”.

(Другая спадарыня: ) “Ня выканаў, і многа якіх абавязкаў не выконвае”.

(Трэцяя спадарыня: ) “Лепшага жыцьця ня стала, як ён абяцаў, і напэўна ня будзе”.

(Чацьвертая спадарыня: ) “Што да ягоных абяцаньняў, то трэба казаць пра тое, што далёка ня ўсе выконваюць іх ва ўсім сьвеце. Таму я лічу, што гэта ня самы горшы варыянт для нашай краіны”.

(Пятая спадарыня: ) “Горад больш прыгожы стаў. Ён абяцаў падвысіць узровень жыцьця. А ён зьнізіўся для мяне. Я на пэнсіі”.

(Шостая спадарыня: ) “Лічу, што як здолеў, так і выканаў. Эканоміка развалена, таму цяжка адразу наладзіць усе галіны прамысловасьці. Што можа, то й робіць”.

(Спадар: ) “Больш чым трэба выканаў. За народ пакутуе, хварэе”.

(Другі спадар: ) “Я лічу, што ён ня выканаў свае абяцаньні, і людзі незадаволеныя”.

(Трэці спадар: ) “Як наш прэзыдэнт абяцаў, што кожны грамадзянін будзе зарабляць 100 даляраў і больш, так яно і ёсьць. Можа, ён крыху недапрацоўвае ў палітыцы, але ж нашая краіна займаецца спортам, і для гэтага ствараюцца ўсе ўмовы”.

(Чацьверты спадар: ) “У першую чаргу ён не дамогся павагі людзей. Можа, ён і спрабуе выканаць свае абяцаньні, аднак безпасьпяхова”.

(Спадарыня: ) “Такога яшчэ не было ў гісторыі краіны, каб абраны прэзыдэнт на 100% выконваў свае абяцаньні. Многа з таго, што ён абяцаў, ажыцьцяўляецца патроху. Але ж сёньня ўсясьветны дзень прыгажосьці. Гэта значна больш важная падзея. Я хачу, каб усе людзі былі прыгожыя”.

(Другая спадарыня: ) “Я лічу, што выканаў. Паглядзіце вакол нас — прыгожыя гарады, няма хуліганства, мы можам сьмела выходзіць на вуліцу, працуюць заводы. І ўвогуле, адчуваецца дысцыпліна”.

(Трэцяя спадарыня: ) “Я ня ведаю дакладна… Але ж бачу, што з кожным годам жыцьцё становіцца ўсё цяжэй, асабліва для маладых сем’яў, для дзяцей. Ня думаю, што гэта ёсьць выкананьнем абавязкаў”.

Гэтак адказалі мінакі на менскіх вуліцах на пытаньне “Ці выконвае Аляксандар Лукашэнка свае перадвыбарчыя абяцаньні?”