У БЕРАСЬЦЕЙСКІМ ХАКЕЙНЫМ КЛЮБЕ АМАЛЬ НЯМА БЕЛАРУСАЎ

Алег Супрунюк, Берасьце

Чаму так здарылася, што ў берасьцейскім хакейным клюбе амаль няма беларусаў? Зьдзіўляцца тут няма чаму, бо пра хакей на лёдзе тут ні было ніякіх размоваў, пакуль тры гады таму паводле загаду Аляксандра Лукашэнкі ў Берасьцi не адбудавалі лядовы палац. Тады ад мясцовага начальства і пачалі патрабаваць стварыць сваю хакейную каманду.

Паколькі сваіх трэнэраў і гульцоў не было, іх запрашалі з іншых краінаў (пераважна, з Расеі). Так адбывалася цягам двух гадоў і ня толькі ў Берасьці, але і ў іншых гарадох Беларусі, дзе раптам зьявіліся лядовыя палацы.

Сёлета фэдэрацыя хакею Беларусі нарэшце вырашыла падртымаць айчынных спартоўцаў і прапанавала хакейным клюбам даволі жорсткія ўмовы: у гульнях нацыянальнага першынства кожны клюб можа выкарыстоўваць ня больш за 10 хакеістаў, якія не зьяўляюцца грамадзянамі Беларусі. Большасьць беларускіх камандаў за гэты час павыбіралі мясцовых гульцоў. А вось у Берасьці, дзе у мінулым чэмпіянаце было шмат праблемаў зь фінансаваньнем хакейнага клюбу (гульцы нават былі вельмі блізкія да абвяшчэньня страйку), гэтага зрабіць не пасьпелі.

Якім чынам тады берасьцейская каманда зьбіраецца выконваць умовы фэдэрацыі хакею? Рэч у тым, што фэдэрацыя зрабіла адзінае выключэньне з правілаў: легіянэраў можа быць болей, калі ім яшчэ ня споўнілася 20 гадоў. Гэта быў адзіны шанец для берасьцейцаў выставіць сёлета сваю каманду, і яны яго скарысталі. Цягам апошніх тыдняў сюды прыехала шмат маладых гульцоў з Расеі і нават адзін хакеіст са Славаччыны (але той, даведаўшыся пра ўмовы кантракту, хутчэй за ўсё ў камандзе не застанецца).

Ці не атрмаецца так, што і сёлета на хакей у Берасьці грошай ня хопіць і гульцы пачнуць пагражаць страйкам? Каб гэтага ня здарылася, берасьцейскія зрабілі іншы крок. Яны забавязалі самыя вядомыя прадпрыемствы вобласьці – “Брэстгазаапарат”, лікёра-гарэлачны завод, малочны камбінат, саўгас “Белавежскі” – стаць спонсарамі хакейнага клюбу. А каб адсочваць выкарыстаньне гэтых сродкаў прызначаны новы кіраўнік клюбу Ігар Дашкевіч, які адначасова зьяўляецца начальнікам дзяржаўнага казначэйства Берасьцейскай вобласьці.