ДА 100,000 ЧАЛАВЕК УЗЯЛІ ЎДЗЕЛ У СЬВЯТКАВАНЬНЯХ ДНЯ БЕЛАРУСКАГА ПІСЬМЕНСТВА Ў ПОЛАЦКУ

Вінцэсь Мудроў, Полацак

Вогнепырскімі песьнямі і кадрылямі пачалося сёньня ў Полацку галоўнае духовае сьвята краіны – Дзень беларускага пісьменства. І хаця заяўленая колькасьць яго ўдзельнікаў – 100 тысяч чалавек – выглядае гіпэрбалай, народу на сьвяце сапраўды было вельмі шмат, як шмат і афіцыйных асобаў ды запрошаных уладамі літаратараў, якія падчас урачыстага адкрыцьця не шкадавалі ўзьнёслых словаў на адрас нашай культуры, гісторыі й роднай мовы.

Надарылася на сьвяце й векапомная падзея: ў цэнтры горада, на праспэкце Карла Маркса, быў адчынены помнік паэту, драматургу й грамадзкаму дзеячу 17-га стагодзьдзя Сімяону Полацкаму. Аўтарам бронзавага манумэнту зьяўляецца вядомы беларускі разьбяр Аляксандар Фінскі. Падчас адкрыцьця помніку, ягоны творца паведаміў, што выношваў ідэю стварэньня манумэнту дванаццаць апошніх гадоў, і што для яго гэта вялікае шчасьце – быць аўтарам помніку слаўнаму палачаніну.

На вялікі жаль, на сьвята беларускага пісьменства не прыехала шмат тых, каго называюць знакавымі фігурамі нашай культуры і літаратуры. Запросіны атрымалі толькі тыя зь іх, хто прыхільна ставіцца да сёньняшняй улады. З гэтай нагоды сябры Таварыства Вольных літаратараў вырашылі зладзіць альтэрнатыўнае сьвяткаваньне.

Гаворыць Галоўны каардынатар ТВЛ, паэт і літаратурны крытык Алесь Аркуш.

(Аркуш: ) «Сьвята беларускага пісьменства мусіць быць народным ўсеагульным сьвятам і нельга такога дапусьціць, каб яго «ўзурпавала» ці тое ўлада, ці тое нейкія чыноўнікі, якія на свой капыл запрашаюць тых людзей, якія больш ляяльныя да іх. У такой сытуацыі ня толькі літаратурныя, але й культурніцкія ды розныя грамадзкія арганізацыі мусяць наладзіць асобныя мерапрыемствы, і Таварыства вольных літаратараў таксама ладзіць свае асобныя мерапрыемствы».

Зрэшты, многія зь вядомых літаратараў прыехалі ў Полаацк, так бы мовіць, сваім ходам. Так, народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч, якому не знайшлося месца сярод ганаровых гасьцей, сьціпла сядзеў пад шатамі каштану й падпісваў чытачам свае кніжкі. На просьбу карэспандэнта Свабоды пракамэнтаваць сытуацыю, Ніл Сымонавіч асуджана махнуў рукой, даючы зразумець, што гэта той выпадак, калі ўсялякія словы залішнія. Сваім ходам, дзеля ўдзелу ў альтэрнатыўным сьвяткаваньні, прыехаў у Полацак і малады паэт Андрэй Хадановіч. Маладога паэта абурыла тое, што сьвята беларускага пісьменства заглушацца расейскай папсой, шашлычным дымам ды піўнымі парамі.

(Хадановіч: ) «Я прыехаў зранку ў Полацак зь сьвяткаваньня ўгодкаў Аршанскай бітвы на Крапіўненскім полі з мэтаю ўзяць удзел у добрым беларускім сьвяце . У прынцыпе, Дзень беларускага пісьменства павінен быў быць клясным, шыкоўным, нацыянальным сьвятам, на якім мы павінны радавацца і паважаць сябе. На вялікі жаль, такога няма. Тое, што адбываецца сёньня ў Полацку – тыпова савецкае, «саўковае», казённае сьвята, якое нічым ня розьніцца ад сьвяткаваньняў «дажынак» ці дня гораду.»

Сьвята беларускага пісьменства працягнецца да глыбокай ночы і скончыцца сьвяточным фэервэркам.