ЦЫТАТЫ МІНУЛАГА - 8 ВЕРАСЬНЯ

Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі

“Віцебскі пралетары” ў 1933 годзе друкуе пастанову гаркамісіі па чыстцы ў партыі “Аб ходзе чысткі ячэйкі міліцыі”: “Заслухаўшы паведамленьне праверкома аб ходзе чысткі ячэйкі міліцыі і ўлічваючы шэраг паступіўшых матар’ялаў і заяў у гаркамісію аб наяўнасьці ў ячэйцы сямейнасьці, кругавой парукі, заціска самакрытыкі, момантаў супраціўленьня выкрыцьцю недахопаў работы ячэйкі міліцыі і паасобных камуністаў пры чыстцы — лічыць неабходным спыніць чыстку на 3 дні. Прапанаваць праверкому дэталёва расьсьледваць маючыяся матар’ялы і вынікі дакласьці гаркамісіі па чыстцы. Прасіць гарком КП(б)Б у дапамогу праверкому паслаць спэцыяльную аргпрапагандысцкую групу для поўнага абсьледваньня становішча ячэйкі міліцыі”.

“Вечерний Минск”, год 1973, інфармацыя пра геаграфічнае адкрыцьцё ў Беларусі пад загалоўкам “Сёньня — дзень народзінаў новага мора”: “У цэнтры зямлі беларускай, за сто кілямэтраў ад Менску, заканчваецца будаўніцтва галаўнога гідравузла Вялейска-Менскай воднай сыстэмы. Сёньня на гідравузьле знамянальная падзея — перакрыцьцё старажытнага рэчышча ракі Віліі — маці воднай сыстэмы. Дзень 8 верасьня 1973 году ўвойдзе ў гісторыю як дзень народзінаў найвялікшага ў Беларусі штучнага водасховішча. Вялейскае мора, як вобразна яго можна называць, будзе ўдвая большае за Менскае. Яно разальецца на 30 кілямэтраў у даўжыню, яго сярэдняя шырыня 3 кілямэтры, глыбіня ў асобных мейсцах сягне 15 мэтраў. Яно зьмесьціць у сваю чашу каля трохсот мільёнаў кубамэтраў вады, зробіцца гарантаваным пастаўшчыком яе ў Менск”.

Газэта “Свабода” ў 1993 годзе пад загалоўкам “Ленін нам яшчэ спатрэбіцца” піша: “Міністэрства замежных справаў, якое разьмешчана ў будынку былога гаркаму КПБ, нарэшце разьвіталася з таварышам Леніным. Цяпер на мармуровай калюмне замест гіпсавай галавы правадыра стаіць гаршчок з кветкамі. А тав. Леніна абгарнулі прасьціною і засунулі ў гардэроб. На просьбу “Свабоды” пракамэнтаваць гэты вандалізм, міністар П.Краўчанка дыпляматычна адказаў, што “твор мастацтва пажадаў забраць аўтар”. Аднак высьветліць аўтарства аказалася няпростаю справаю. Патэлефанавалі Заіру Азгуру. Дарэчы, дэпутаты-вэтэраны сьцьвярджаюць, што менавіта В.Шаладонаў “даў каманду” прыбраць Леніна і Маркса, якія некалі стаялі перад будынкам ЦК КПБ. Дзе яны цяпер? “Во, стаяць побач са мной у майстэрні”,— адказаў Заір Ісакавіч. Скульптар кажа, што яны не замінаюць яму працаваць. З.Азгур працуе цяпер над бюстамі Ул.Вернадзкага, Я.Карскага, І.Насовіча”.