ЗША ПРАДСТАВІЛІ НА РАЗГЛЯД РАДЫ БЯСЬПЕКІ ААН НОВУЮ РЭЗАЛЮЦЫЮ Ў СПРАВЕ ІРАКУ

Кастусь Бандарук, Прага

Нагадаю, што ў некаторых пытаньнях міжнароднай палітыкі, у прыватнасьці ў справе вайны ў Іраку, адміністрацыя прэзыдэнта Буша вырашыла абыходзіцца без ААН. Увесну сёлета гэтую пазыцыю ясна выказаў намесьнік дзяржсакратара ЗША Пол Уолфовіц. Ён заявіў, што ААН няздольная даць рады з такімі сур’ёзнымі пагрозамі, якую ўяўляе сабой Садам Хусэйн, і ў сувязі з гэтым Злучаныя Штаты дзеля дасягненьня сваіх мэтаў будуць абапірацца заміж ААН на “кааліцыю ахвотных”, на тыя краіны, якія самі вырашаць падтрымаць Вашынгтон. Аднак учора, дзяржсакратар Колін Паўэл сказаў, што ЗША прадставілі на разгляд Рады Бясьпекі ААН новую рэзалюцыю ў справе Іраку. Вашынгтон прапануе, каб міжнародныя арганізацыі узялі на сябе частку паўнамоцтваў і адказнасьці, гэта значыць, каб дапамаглі Злучаным Штатам у Іраку і фінансава, і прыслалі дадатковыя, міжнародныя сілы.

(Паўэл: ) “Ёсьць шмат іншых элемэнтаў у гэтым праекце рэзалюцыі. У ёй гаворыцца пра пашырэньне ролі ня толькі ААН, але і іншых міжнародных арганізацыяў, у прыватнасьці Эўразьвязу, якія, на маю думку, могуць адыграць ключавую ролю”.

Злучаныя Штаты ў прыватнасьці прапанавалі, каб ААН санкцыянавала накіраваньне ў Ірак міжнародных сілаў, але палітычны і вайсковы кантроль над Іракам застаўся б у амэрыканскіх руках. Прэзыдэнт Францыі Жак Шырак і канцлер ФРГ Гэрхард Шрэдэр, адразу адкінулі амэрыканскую прапанову, і выказаліся за тое, каб кантроль над Іракам быў перададзены як мага хутчэй ў рукі самых іракцаў або ААН. Расея, у сваю чаргу заявіла, што яшчэ вывучае прапанову ЗША.

Для многіх аглядальнікаў, незалежна ад лёсу новай рэзалюцыі, сама прапанова ЗША, які распачалі вайну бяз санкцыі ААН, азначае фундамэнтальную зьмену іхнай аднабаковай палітыкі ў справе Іраку. Такую пазыцыю выказала прэзыдэнтка Цэнтру Нацыянальнай Палітыкі Морын Стэйнбрунэр.

(Стэйнбрунэр: ) “Гэта сапраўды знак таго, што незалежна ад таго, наколькі вялікая і магутная нейкая паасобная дзяржава, ў цяперашнім складаным ды інтэграваным сьвеце, ніхто ня можа прыймаць рашэньні ў аднабаковым парадку”.

На думку аглядальнікаў, прапанова ЗША была выкліканая непамысным для ЗША разьвіцьцём падзеяў у Іраку. Пасьля сэрыі тэрактаў, у тым ліку перад сядзібай ААН у Багдадзе і мячэцьцю ў Наджафе, ЗША зразумелі, што яны самі, а таксама 23 тысячы вайскоўцаў зь іншых краінаў, пад камандаваньнем Польшчы, ня ўстане стабілізаваць сытуацыю у Іраку. Апрача таго, кожны тыдзень прысутнасьці 140 тысячаў амэрыканцаў ў гэтай краіне, каштуе амэрыканскім падаткаплацельшчыкам 1 мільярд даляраў. Кангрэс ЗША патрабуе зьменшыць іх колькасьць на палову, тым болей, што ў сувязі з Іракам, Вашынгтон ня мае рэсурсаў для сваёй вайсковай прысутнасьці ў іншых рэгіёнах сьвету.

Аднак на думку іншых адмыслоўцаў, нават у гэтай складанай сытуацыі, ЗША абсалютна ня маюць намеру адмовіцца ад самастойнай палітыкі ў сьвеце. Маўляў, са словаў Паўэла, і дарадцаў прэзыдэнта Буша не вынікае, што яны прынцыпова зьмянілі свой пункт погляду на ролю ААН у справе Іраку. Паводле палітоляга Джыма Філіпса з Heritage Foundation, гэта толькі зьмена тактыкі, разьлічаная на тое, каб атрымаць міжнародную фінансавую і вайсковую дапамогу ў Іраку.