“ГАЗПРОМ” НЯ БУДЗЕ ПАСТАЎЛЯЦЬ БЕЛАРУСІ ТАННЫ ГАЗ

Валер Каліноўскі, Менск

Старшыя “Газпрому” Аляксей Мілер накіраваў кіраўніку “Белтрансгазу” Пятру Пётуху ліст пра тое, што расейскі бок адмаўляецца ад удзелу ў акцыянаваньні беларускай газатранспартнай кампаніі на тых умовах, якія высунуў афійцыйны Менск. У зьвязку з гэтым “Газпром” зьвярнуўся ва ўрад Расеі з прапановай адмяніць з новага году продаж Беларусі газу па льготным унутрырасейскім кошце. Пра прычыны такога рашэньня гаворыць прэсавы сакратар “Газпрому” Ігар Валабоеў:

(Валабоеў: ) “Кошт не задавальняе, так, мы ня згодныя з такой цаной, якая вылучаная беларускім бокам. Такім чынам, мы лічым, што тыя рознагалосьсі, якія ў нас ёсьць, зьяўляюцца непераадольнымі на дадзены момант часу. І праца ў стварэньні сумеснага прадпрыемства ня можа быць завершаная”.

Ігар Валабоеў кажа, што гэтая пазыцыя можа быць перагледжаная, калі ўрад Беларусі зьмякчыць свае патрабаваньні, прапануе іншыя варыянты акцыянаваньня. Паводле прадстаўніка “Газпрому” адказ на ліст Мілера будзе ўважліва разгледжаны. Што да новых коштаў на газ для Беларусі, то яны будуць усталяваныя падчас асобных перамоваў, кажа спадар Валабоеў:

(Валабоеў: ) “Будзе заключана нейкае новае пагадненьне пра новыя цэны. Там будзе ўсё прапісана. Трэба дачакацца гэтага”.

Галоўная прычына канфлікту ў тым, што беларускі ўрад ацаніў кошт акцыянуемага “Белтрангазу” ў 5 мільярдаў даляраў, у той час, як у Маскве гатовыя даць за 50% ягоных акцыяў ня больш за 600 мільёнаў даляраў. Акрамя таго, урад Беларусі патрабуе ад “Газпрому” значных інвэстыцыяў у газатранспартную сыстэму Беларусі, росту паставак газу ў краіну і павелічэньня транзыту газу празь Беларусь. Расейскі бок з гэтым ня згодны.

Афіцыйнай рэакцыі беларускага ўраду на ліст з “Газпрому” дагэтуль няма. Ня выказаўся на гэты конт і А.Лукашэнка. У “Белтрансгазе” паведамляюць, што ліст Мілера абмяркоўваецца на экстранай нарадзе ў Мінэнэрга. Супрацоўнік гэтага міністэрства на ўмовах ананімнасьці паведаміў Радыё Свабода, што адмена ільготных цэнаў на газ можа каштаваць беларускай эканоміцы дадатковыя 100 мільёнаў даляраў, якія давядзецца плаціць за газ. Беларуская эканоміка не гатовая да гэтага. Цяпер 10,2 мільёны кубамэтраў газу пастаўляюцца ў Беларусь паводле коштаў пятага цэнавага поясу Расеі — 29 даляраў, рэшта патрэбнасьцяў краіны ў газе (каля 6 мільёнаў кубамэтраў) забясьпечвае “Ітэра” ды іншыя расейскія кампаніі — коштамі блізу 40 даляраў.

У Мінэнэрга лічаць, што падобныя дзеяньні “Газпрома” напярэдадні ацяпляльнага сэзону ні што іншае, як ціск і шантаж беларускага партнэра на перамовах. Вядучы супрацоўнік Мінэнэрга Беларусі ў інтэрвію Радыё Свабода кажа, што беларускі бок старанна выконвае ўсе дамоўленасьці пагадненьня ў супрацоўніцтве у газатранспартнай галіне ад 12 красавіка 2002 году, якое не прадугледвжавала пэўнага кошту і падзелу пакету акцыяў “Белтрансгазу”. Менавіта расейскі бок пайшоў на парушэньне дамоўленасьцяў,— заначыў прадстаўнік Мінэнэрга. Але такой пазыцыі варта было чакаць, кажуць ва ўрадзе, і таму ліст А.Мілера ня выклікаў у Менску панікі.

Бальшыня назіральнікаў зьвязваюць апошні крок “Газпрому” з канфліктам У.Пуціна і А.Лукашэнкі вакол увядзеньня расейскага рубля ў Беларусі. Відавочна, цяпер Крэмль такім чынам “націснуў на газавы рычаг”. Але ў самім “Газпроме” сьцьвярджаюць, што іхныя дзеяньні ня маюць палітычных матываў — толькі эканамічныя.