Пасьля першага ўроку пачаўся дробны дождж. Выкладчыкі вырашылі, што ў такіх умовах дзяцей трымаць на вуліцы нельга. Ліцэістаў сабралі й павялі паказаць, дзе яны будуць вучыцца далей. Намесьнік дырэктара Ліцэю Леанід Баршчэўскі так пракамэнтаваў Радыё Свабода гэтае рашэньне:
(Баршчэўскі: ) “Чыноўнікам на дзяцей напляваць. Яны “не заўважаюць”, што дзеці вучацца на вуліцы. Натуральна, пахаладаньне — таму мы мусім пераходзіць пад дах. Будзем там працаваць. Сёньня ў нас арганізацыйныя сходы, наведваньне тых месцаў, дзе будуць вучыцца, азнаямленьне з раскладам, знаёмства з выкладчыкамі… Вечарам будзе арганізаваная дыскатэка для ўсяго Ліцэю”.
Дзеці ўспрынялі зьмены зусім спакойна, з разуменьнем. Гаворыць навучэнка першага курсу Каця Раковіч:
(Каця: ) “Мы зараз ідзем на экскурсію па тых месцах, дзе будзем вучыцца. Нам трэба іх запомніць”.
(Карэспандэнтка: ) “Ёсьць жаданьне вучыцца ў такіх умовах?”
(Каця: ) “Ёсьць, яшчэ й не прападала. Наадварот, нават больш адказнасьці”.
Пасьля заняткаў дзеці сабраліся ў пераходзе мэтро станцыі “Кастрычніцкая”. Яны сьпявалі песьні й зьбіралі подпісы ў абарону Ліцэю, якіх ужо больш за восем тысячаў. Амонаўцы затрымалі навучэнку чацьвертага курсу Ксэнію Гаеўскую. Яны перапісалі яе дадзеныя, і ўсіх дзяцей прагналі з пераходу. Міліцыянты спаслаліся на тое, што існуе нейкі загад Менгарвыканкаму пра тое, што нібыта нельга ў горадзе сьпяваць песьні й зьбіраць подпісы.
Увечары дзеці, іхныя бацькі, выкладчыкі і запрошаныя госьці сустрэнуцца на дыскатэцы. Дарослыя арэндавалі залю для таго, каб дзеці адчулі локаць адзін аднаго, бо з пачатку года ў іх не было магчымасьці сабрацца разам у адным памяшканьні.