ВЫБАРЫ ДЭПУТАТАЎ ПАЛАТЫ ПРАДСТАЎНІКОЎ ПАВІННЫ АДБЫЦЦА НЕ ПАЗЬНЕЙ ЧЫМ У СЯРЭДЗІНЕ КАСТРЫЧНІКА 2004 ГОДУ

Уладзімер Глод, Менск

Сакратар Цэнтравыбаркаму засяродзіў увагу на тым, што дакладную дату выбараў павінен вызначыць Аляксандар Лукашэнка:

(Лазавік: ) “Згодна з законам, выбары павінныя праводзіцца не пазьней, чым за месяц да заканчэньня тэрмінаў паўнамоцтваў палатаў. Палата прадстаўнікоў пачала працаваць 21 лістапада 2000 году. Канечне, канкрэтную дату правядзеньня выбараў, у адпаведнасьці са сваімі паўнамоцтвамі, будзе вызначаць прэзыдэнт. Ён будзе прытрымлівацца тых нормаў, што закладзеныя ў Канстытуцыю, у Выбарчы кодэкс, і дзесьці ў сярэдзіне кастрычніка 2004 году, не пазьней, павінны адбыцца выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў. Але канкрэтную дату, паўтаруся, вызначае прэзыдэнт, і Канстытуцыя дазваляе яму прызначыць дату і раней, чым я сказаў. Таму мы будзем чакаць адпаведнага ўказу”.

Паколькі выбары ў Беларусі традыцыйна адбываюцца ў выходны дзень, то падлікі паказваюць — апошняя нядзеля, у якую можна, не парушаючы заканадаўства, праводзіць парлямэнцкія выбары, прыпадае на 15 кастрычніка. У гэтай сувязі я спытаў Мікалая Лазавіка, наколькі адпавядае рэчаіснасьці інфармацыя пра тое, што Цэнтравыбаркам быццам бы прапаноўвае прызначыць выбары менавіта на гэты дзень. Спадар Лазавік тлумачыць сытуацыю так:

(Лазавік: ) “Мы як цьвёрдую такую прапанову не вылучалі. Але мы гаварылі пра тое, што, паводле нашых разьлікаў, такой датай можа быць 15 кастрычніка. Але гэта аддаецца на разгляд прэзыдэнта”.

Паводле падлікаў, выбары будуць каштаваць прыблізна 7 мільёнаў даляраў. Прыблізны каштарыс выдаткаў накіраваны ў Міністэрства фінансаў, для таго, каб яны былі ўлічаныя пры падрыхтоўцы бюджэту краіны на наступны год.

Cакратар Цэнтравыбаркаму паведаміў, што на парлямэнцкіх выбарах, верагодна, будуць спрошчаныя дэклярацыі даходаў і маёмасьці кандыдатаў. “Яны спросьцяцца і стануць значна менш аб’ёмнымі”,— падкрэсьліў Мікалай Лазавік. Міністэрства падаткаў і збораў ужо прынцыпова пагадзілася з такой прапановай. Але яна яшчэ мусіць быць зацьверджаная ўрадам Беларусі.