5 ВЕРАСЬНЯ ПАЧАЛІСЯ СУДОВЫЯ СЛУХАНЬНІ Ў СПРАВЕ ЛІКВІДАЦЫІ ПРАВААБАРОНЧАЙ АРГАНІЗАЦЫІ “ПРАЎНАЯ ДАПАМОГА НАСЕЛЬНІЦТВУ”

Ганна Соусь, Менск

Для судовага паседжаньня адвялі невялічкі пакой плошчаю менш як дзесяць мэтраў, у які ня здолелі трапіць усе ахвотныя. Вось як адрэагавала судзьдзя Натальля Жупікава на патрабаваньні тых, хто прыйшлі на суд:

(Жупікава: ) “Пакіньце ўсе залю паседжаньня — усе тыя, для каго ў нас няма месца! На судовым паседжаньні застануцца толькі прадстаўнікі бакоў”.

(Жанчына: ) “Гэта адкрытае ці закрытае судовае паседжаньне?”

(Жупікава: ) “Адкрытае… Так! Не перашкаджайце працаваць”.

У выніку судзьдзя Натальля Жупікава перанесла разгляд справы на панядзелак 8 верасьня.

Гаворыць кіраўнік “Праўнай дапамогі насельніцтву” Алег Воўчак:

(Воўчак: ) “Я лічу, што гэта зроблена адмыслова Менскім гарадзкім судом для таго, каб грамадзкасьць не магла прысутнічаць на гэтым працэсе. Я лічу, што гэта палітычная акцыя — каб тут не адбыліся бесстаронныя судовыя слуханьні. Улада спрабуе закрыць нашу арганізацыю, бо мы кожны год уздымаем тэму зьніклых палітыкаў”.

Прадстаўнікі Міністэрства юстыцыі сьцьвярджаюць, што супрацоўнікі “Праўнай дапамогі насельніцтву” незаконна, ня маючы адвакацкіх ліцэнзіяў, аказвалі юрыдычныя паслугі грамадзянам, прычым рабілі гэта за плату. На гэтай падставе праваабаронцам вынесенае папярэджаньне і пададзены ў суд пазоў да ліквідацыі аб’яднаньня.

Кіраўнік “Праўнай дапамогі” Алег Воўчак назваў абвінавачаньні Мінюсту абсурднымі, бо ніякіх грошай зь людзей яны ня бралі, а аказваць юрыдычную дапамогу грамадзянам ёсьць статутнай мэтай арганізацыі.