Афіцыйную беларускую дэлегацыю на форуме ў Крыніцы Гурскай ўзначаліў віцэ-прэм’ер Уладзімер Сямашка, які будзе мець сустрэчы з прадстаўнікамі ўраду Польшчы ды іншых краінаў. Прадстаўнікі беларускага ўраду спадзяюцца абмеркаваць з польскім бокам магчымасьці паляпшэньня палітычных і гандлёва-эканамічных дачыненьняў, а таксама супрацоўніцтва ў галіне энэргетыкі.
На самім форуме заплянаваны даклад ад беларускага ўраду пра нацыянальны рынак працы. У адрозьненьне ад мінулага форуму, калі віцэ-прэм’ер Андрэй Кабякоў дакладваў пра значныя посьпехі беларускай эканомікі на тле цяжкасьцяў у іншых краінах, гэтым разам беларускія чыноўнікі больш цікавяцца досьведам іншых.
Некаторыя іншыя краіны прадстаўленыя на форуме ў Крыніцы Гурскай на больш высокім узроўні, чым Беларусь. Акрамя гаспадара форуму, лідэра Польшчы Аляксандра Квасьнеўскага, чакаюцца выступы прэзыдэнтаў Харватыі, Македоніі, Румыніі, Славакіі, а таксама некалькіх кіраўнікоў урадаў краінаў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы.
Беларуская дэлегацыя ў цэлым шматлікая, больш дзесяці прадстаўнікоў ураду, бізнэсоўцы, банкіры, лідэры апазыцыі, у прыватнасьці Станіслаў Шушкевіч і Станіслаў Багданкевіч, якія зьбіраюцца выступаць у дыскусіі.
Хаця ў рамках форуму не прадугледжна асобнага сэмінару ці выстаўкі па Беларусі, ёсьць цікавасьць да апошніх падзеяў вакол увядзеньня расейскага рубля ў Беларусі. Удзельнік гэтага форуму Станіслаў Багданкевіч мае намер выказаць на гэты конт наступнае:
(Багданкевіч: ) “Асабіста я падтрымліваю Аляксандра Лукашэнку ў ягонай пазыцыі адносна да ўводу расейскага рубля — гэта сапраўды новае. Лічу, што тут апазыцыя мусіць падтрымаць ягоную жорсткую заяву, што мы ня будзем ісьці шляхам страты сувэрэнітэту і незалежнасьці і захаваем нацыянальную валюту”.
Форум працягнецца да суботы.