NEUE ZUERCHER ZEITUNG: “НЯСПЫННАЯ БАРАЦЬБА ЛУКАШЭНКІ ЗЬ НЕЗАЛЕЖНАЙ ПРЭСАЙ”

Ул. інф.

Віцебская недзяржаўная газэта “Кур’ер” не належыць да апазыцыйных выданьняў. Яна інфармацыйна асьвятляе розныя бакі жыцьця роднага гораду Марка Шагала, піша пра выставы, пра тое, дзе й што можна набыць. Час ад часу на старонках выданьня можна сустрэць тэмы, якія цікавяць моладзь: наркотыкі, музыка, сэкс. “Кур’ер” дыстанцуецца ад прынцыповай і актыўнай крытыкі на адрас рэжыму. Паводле тэхнічнага дырэктара выданьня Валера Іскібаева, рэдакцыя мусіць думаць пра выжываньне.

Апазыцыйныя віцебскія журналісты кшталту Вадзіма Баршчэўскага публікуюцца ў “Кур’еры” надзвычай рэдка. Тым часам газэта ставіцца зь вялікай павагай да просьбаў грамадзянаў. Звычайныя жыхары гораду могуць бясплатна разьмесьціць у газэце аб’явы пра спаборніцтвы на більярдзе або пра збор сродкаў у падтрымку дзяцей, чые бацькі хворыя на алькагалізм.

Як лічыць Валер Іскібаеў, за апошнія 12 год — гэта век газэты “Кур’ер” — Віцебск стаў зусім іншым горадам: ціхім, непатрабавальным, апалітычным. На пачатку 90-х тут панаваў зусім іншы настрой — прарыву, у які шмат хто вельмі верыў. Сёньня ж у Беларусі пануе атмасфэра страху. Нават такой памяркоўнай газэце як “Кур’ер” даводзіцца нялёгка. У той час, як пяць год таму яе наклад складаў 24 тысячы асобнікаў, цяпер — толькі 10 тысячаў.

Неўзабаве газэта ўвогуле можа сканаць,— не выключае Іскібаеў. Галоўным чынам з прычыны дзяржаўнай мэдыйнай палітыкі. Пра аб’ектыўную канкурэнцыю ня можа быць размовы. За свае друкарскія паслугі недзяржаўны “Кур’ер” плоціць столькі ж, колькі тры дзяржаўныя газэты разам. Даражэй для яе каштуюць і паштовая перасылка, арэнда памяшканьня і г.д. Адміністрацыйны дыктат адбываецца на кожным кроку.

Акрамя эканамічнага прэсынгу, існуе яшчэ і цэнзура. Напярэдадні выхаду кожнага новага нумару рэдактары незалежных віцебскіх СМІ мусяць наведваць цэнзара, які ўдакладняе, ці няма ў матэрыялах абразы на адрас Лукашэнкі.

Тым часам,— піша швайцарскі журналіст,— сам беларускі лідэр выкарыстоўвае дзяржаўныя СМІ як хоча. Дзеля працягу сваіх прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў ён рыхтуе ідэалягічную глебу. Менавіта так можна дамагчыся правядзеньня рэфэрэндуму, безь якога зьмены ў канстытуцыі немагчымыя.

Паралельна са СМІ Лукашэнка зьбіраецца выкарыстаць і іншыя інстытуты ідэалягічнага ўдзеяньня на людзей. Навучальныя ўстановы, розныя іншыя — вядомыя яшчэ з савецкіх часоў прапагандысцкія інструмэнты. Як лічыць віцебскі дысыдэнт Вадзім Баршчэўскі, кіраўнік дзяржавы адчувае, што губляе папулярнасьць, а таму выключна па-савецку выказвае патрэбу ў сродках ідэалягічнай апрацоўкі насельніцтва.

Як піша Neue Zuercher Zeitung, для незалежных беларускіх СМІ дый для апазыцыі, новая ідэалягічная кампанія беларускага лідэра не нясе нічога добрага.