БОМЖ ТЭРАРЫЗУЕ ЦЭЛУЮ ВЁСКУ – ПАДПАЛЬВАЕ ХАТЫ

Алесь Горбач, Баранавічы

Жыхары вёскі Саўцавічы вінавацяць у сваёй бядзе бамжа Гошу, што невядома адкуль прыбіўся ды ўжо некалькі гадоў жыў з тутэйшай пэнсіянэркай, якая, дарэчы, і сталася першай ахвярай злачынцы. У ноч на 10-га жніўня загарэлася яе жытло. Зьбітую на горкі яблык гаспадыню вяскоўцы выратавалі, аднак агонь хутка перакінуўся на суседнюю хату сям’і Сямянякаў. Пажарным утаймаваць стыхію не ўдалося. Галоўны падазраваны, Гоша, кудысьці зьнік, аднак у хуткім часе нагадаў пра сябе: не прайшло і тыдня, як сярод белага дня ізноў загарэся хата, гэтым разам пустая. Перад тым, кажуць, хтосьці бачыў у вёсцы бамжа. Чацьверты па ліку пажар, што здарыўся ізноў праз тыдзень, навёў сапраўдны жах на людзей. Тады яны ўзгадалі колішнія гошавы пагрозы ператварыць іхную вёску ў Хатынь. Вось як распавядаюць пра свае жахі самі жыхары Саўцавічаў:

(Жанчына: ) “Ужо як мы гора цяпнулі, то не дай Божа. Мы ж не распранаемся ўжо два тыдні: во гэтак во і кладземся, і ўстаем. Як дурныя цяпер ходзім. Ненармальныя мы...”

(Другая жанчына: ) “Усе людзі баяцца. Я адна, адзінокая, то дзе што стукне, так і дзіўлюся ў вакно. Усе людзі ўстрывожаныя. Па вёсцы ўсё ў клунках, усё зьвязана, усё адзеньне...”

(Мужчына: ) “Сказаў жа: Хатынь будзе Саўцавічам.”

“Хатынь” Гоша паабяцаў калісьці жыхарам вёскі за тое, што яны пагражалі здаць яго ў міліцыю. Паводле маіх суразмоўцаў, бомж шмат ім надакучаў:

(Мужчына: ) “Ад людзей краў сала, залезе ў хату. Што трапляла, тое і краў. Яго міліцыя возьме завязе дзе за пяць кілямэтраў, адпераць дубінкамі ды пусьцяць дадому. Можа разоў пяць так было.”

Міліцыя стала сур’ёзна рэагаваць, калі ў Саўцавічах адна за другой сталі гарэць хаты. Засады і аблавы не давалі вынікаў. Што праўда, дзякуючы павышанай пільнасці пяты па ліку пажар удалося патушыць, пакуль ён не нанёс значнай шкоды будынку.

Паводле інфармацыі, атрыманай з раённага аддзелу ўнутраных справаў, другога верасьня ў Баранавічах галоўнага падазраванага бамжа Гошу нарэшце затрымалі. Цяпер вядзецца следства. Перапужаных жыхароў вёскі Саўцавічы гэтая навіна пакуль ня дужа супакойвае:

(Жанчына: ) “Сёньня ўсё роўна яшчэ не распраналіся. Думаем: яго-та злавілі, але мо ў яго тут якія таварышы ёсьць. Пярун яго ведае. Гэтыя людзі ўжо гэтак усе ўсхваляваныя, усе дрыжаць...”