(Фрык: ) “Я хацеў бы адказаць на вашае пытаньне адным сказам: зыходзячы з таго, што на самым першым мерапрыемстве чакаецца прадстаўнічая дэлегацыя з Бону ў складзе 70 чалавек на чале з бурмістрам, а таксама зыходзячы з таго, што ў лістападзе чакаецца візыт у Бон адказнай дэлегацыі зь Менску, вынікае, што гэтыя рэчы ёсьць ужо ў мінулым.
Яшчэ адзін момант: мы хочам шырока падтрымліваць любое супрацоўніцтва, галоўным чынам, у камунальнай галіне, гуманітарнай, галіне грамадзянскай супольнасьці, зразумела, у тых межах, наколькі гэта пажадана”.
Як адзначалася ў часе прэсавай канферэнцыі, маючыя адбыцца нямецка-беларускія імпрэзы будуць доўжыцца да пяці тыдняў — спачатку гэта будуць сьвяткаваньні ў зьвязку з 10-годзьдзем партнэрства паміж Менскам і Бонам, затым сьвяткаваньні ў зьвязку зь 10-годзьдзем адкрыцьця інстытута Гётэ ў Менску, затым ўрачыстасьці з нагоды нацыянальнага сьвята Нямеччыны.
Як лічаць некаторыя назіральнікі, падобны размах супольных нямецка-беларускіх урачыстасьцяў назіраецца ўпершыню пасьля рэфэрэндуму 1996, калі дэпутаты Бундэстагу прынялі рашэньне адносна скарачэньня тэхнічнай дапамогі і прыпыненьня кантактаў з афіцыйным Менскам. З таго часу партнэрскія стасункі паміж Бонам і Менскам сталі абмяжоўвацца пераважна культурніцкім ўзроўнем. У той час, як на самым пачатку, у дачыненьнях бралі ўдзел вядомыя палітыкі, бізнэсоўцы, грамадзкія дзяячы і тагачасная дынаміка супрацоўніцтва садзейнічала пазытыўнаму эканамічнаму, палітычнаму, сацыяльнаму разьвіцьцю ў Беларусі.
На сёньняшні момант рашэньне Бундэстагу адносна тэхнічнай дапамогі і афіцыйных кантактаў першых асобаў не ануляванае. Нашае радыё паспрабавала ўдакладніць у нямецкай амбасадзе ў Менску, ці азначаюць словы доктара Фрыка тое, што ў хуткім часе Нямеччыну афіцыйна зможа наведаць першая асоба беларускай дзяржавы? Пасьля праведзеных кансультацыяў, супрацоўнікі амбасады адказалі, што рэзалюцыі Бундэстагу ў дачыненьні да кантактаў першых дзяржаўных асобаў застаюцца ў сіле, аднак кантакты чыноўнікаў высокага рангу на мясцовым узроўні магчымыя.