СУР’ЁЗНЫХ ЭКАНАМІЧНЫХ АРГУМЭНТАЎ “ЗА” ЦІ “СУПРАЦЬ” ВАЛЮТНАГА САЮЗУ З РАСЕЯЙ НЯМА

Юлія Шарова, Менск

Чарговая місія МВФ прыбыла ў Менск, каб разгледзець асноўныя макраэканамічныя паказьнікі Беларусі ды абмеркаваць з уладамі бюджэт краіны на 2004 год, а таксама падрыхтоўку да аб’яднаньня грошавых сыстэмаў з Расеяй. Кіраўнік місіі фонду Джон Олдынг-Сьмі адзначыў, што нягледзячы на зробленыя ўрадам захады ў грашова-крэдытнай палітыцы, інфляцыя у Беларусі застаецца самай высокай на прасторах СНД. Калі ўлады насамрэч хочуць валютнага саюзу з Расеяй, ім трэба яшчэ болей стрымаць кошты і зьнізіць узровень інфляцыі да расейскага.

Таксама адмыслоўцы раяць ураду скараціць бюджэтныя выдаткі на падтрымку нерэнтабэльных прадпрыемстваў ды не падвышаць заробкі ў краіне, калі для гэтага няма эканамічных падставаў. Гэтак, заплянаваны на наступны год 150-даляравы сярэдні заробак падаецца спадару Олдынгу-Сьмі нерэальным.

Пэрспэктывы грашовага саюзу з Расеяй, на які ў Беларусі са скептыцызмам глядзяць цяпер ня толькі незалежныя эканамісты, але й шматлікія чыноўнікі, кіраўнік місіі МВФ камэнтаваць ня стаў. Джон Олдынг-Сьмі сказаў толькі, што сур’ёзных эканамічных аргумэнтаў за ці супраць валютнага саюзу няма.

(Олдынг-Сьмі: ) “Вы павінны зразумець, што я не магу камэнтаваць палітычныя аспэкты аб’яднаньня, пытаньні сувэрэнітэту ці іншыя падобныя рэчы. Але я мяркую, што большасьць рашэньняў пра стварэньне валютных саюзаў грунтаваліся на палітычных, а не на эканамічных чыньніках. Эканамічныя аргумэнты не паказваюць на перавагі таго ці іншага шляху. Я лічу, што і грашовы саюз з Расеяй, і захаваньне нацыянальнай валюты могуць працаваць дастаткова добра пры ўмове, што эканамічная палітыка будзе дзейнічаць у падтрымку прынятага рашэньня”.

У часе цяперашняй місіі будуць таксама абмяркоўвацца і далейшыя ўзаемаадносіны МВФ і беларускага ўраду. Кіраўніцтва краіны хоча распачаць новыя перамовы пра атрыманьне крэдыта стэнд-бай. Але спачатку ўлады мусяць прадэманстраваць экспэртам Фонду вынікі пасьпяховай эканамічнай палітыкі, якая б праводзілася цягам пэўнага часу. Магчыма, гэта будзе нешта падобнае на праграму маніторынгу, досьвед якой ужо ёсьць. Гаворыць Джон Олдынг-Сьмі.

(Олдынг-Смі: ) “Гэта будзе фармальная праграма ў тым сэнсе, што яна будзе зьмяшчаць дакладныя колькасныя паказьнікі, мэты й захады ў эканамічнай палітыцы. Гэта будзе праграма намераў ураду, якую мы маглі б падтрымаць. Мы маглі б адсочваць выкананьне гэтай праграмы. Што ж тычыцца назвы праграмы, то гэтае пытаньне яшчэ не абмяркоўвалася, ды іншых дамоўленасьцяў мы не дасягнулі. Але мы адкрытыя для любых рашэньняў”.

Нагадаю, што праграму маніторынгу беларускай эканомікі Фонд ладзіў у 2001 годзе. Цягам шасьці месяцаў урад павінен быў прытрымлівацца рэкамэндацыяў МВФ, каб потым распачаць перамовы наконт атрыманьня крэдыту стэнд-бай. Але два гады таму праграма маніторынгу была праваленая, бо ўлады адмовіліся прыслухоўвацца да парадаў экспэртаў Фонду ў справе бюджэтнай і падаткавай палітыкі. У выніку перамовы пра крэдыт былі адкладзеныя.