ОФІС АБСЭ Ў БЕЛАРУСІ ЗАНЕПАКОЕНЫ ПЕРАСЬЛЕДАМ НЯЎРАДАВЫХ ГРАМАДЗКІХ АРГАНІЗАЦЫЯЎ

Уладзімер Глод, Менск

У полі зроку менскага офісу АБСЭ, які вядзе няспынны маніторынг, апошнім часам разам зь перасьледам недзяржаўных мэдыяў патрапіла і становішча няўрадавых грамадзкіх арганізацыяў. Стаўленьне да іх улады выклікала занепакоенасьць міжнароднай арганізацыі. Вось што паведаміла з гэтай нагоды спадарыня Сьміт:

(Сьміт: ) “Офіс АБСЭ ў Менску прысутнічаў і назіраў за судовым працэсам супраць няўрадавай арганізацыі “Ратуша” ў Горадні. Рашэньне суду накіраванае супраць “Ратушы”. Офіс АБСЭ на сёньняшьні дзень не атрымаў матывацыі такога судовага рашэньня. Таксама ў сфэру ўвагі офісу трапіла тое, што апошнім часам шэрагу няўрадавых арганізацыяў былі вынесеныя папярэджаньні. Гэта тычыцца Беларускага Гэльсынскага камітэту, фонду імя Льва Сапегі. Перададзена ў суд справа менскай арганізацыі “Праўная дапамога насельніцтву”. Амбасадар Гайкен з гэтай нагоды напісаў ліст міністру юстыцыі Беларусі спадару Галаванаву, дзе зьвяртае ўвагу на ліквідацыю грамадзкіх арганізацыяў у Беларусі, уключна з апошнім фактам, зьвязаным з арганізацыяй “Праўная дапамога насельніцтву”.

Тут самы раз адзначыць, што падставы для вынясеньня папярэджаньняў часта выглядаюць недарэчна. Так, старшыня БГК Тацяна Процька сьцьвярджае, што ёйная арганізацыя пацярпела з прычыны… двукосься:

(Процька: ) “Сытуацыя вельмі сьмешная. У нас на бланку напісана — Рэспубліканскае грамадзкае аб’яднаньне Беларускі Гэльсынскі камітэт. “Беларускі Гэльсынскі камітэт” вылучана шрыфтам, а трэба было паставіць гэтыя словы ў двукосьсе. З прычыны таго, што няма двукосься на бланку, нам і вынесьлі папярэджаньне. Гэта ня ёсьць жаданьнем улады паглядзець, ці сапраўды тая ці іншая грамадзкая арганізацыя вядзе дзейнасьць, якая адпавядае статуту. На самой справе гэта проста такія прыдзіркі, якія дазволяць вынесьці папярэджаньне і трымаць арганізацыю ў нэрвовым стане, бо яшчэ адно папярэджаньне і арганізацыя страціць магчымасьць наогул дзейнічаць”.

Журналісты пацікавіліся ў спадарыні Сьміт, ці ёсьць у лісьце амбасадара Гайкена да спадара Галаванава нейкія канкрэтныя прапановы?..

(Сьміт: ) “Спадар Гайкен нагадаў агульную пазыцыю АБСЭ адносна няўрадавых арганізацыяў, напісаў пра тое, што АБСЭ разглядае няўрадавыя арганізацыі як сваіх натуральных партнэраў у дзейнасьці і праектах. І таксама пра тое, што павінна быць прычынна-выніковая сувязь паміж учынкам і ягонымі юрыдычнымі наступствамі. Мы гэты ліст накіравалі ў панядзелак і пакуль не атрымалі на яго адказу”.

На пытаньне, ці пачаліся ўжо перамовы наконт працягу паўнамоцтваў офісу АБСЭ ў Менску, якія сканчваюцца 31 снежьня, прэсавая сакратарка офісу адказала, што такія перамовы пачнуцца, праўдападобна, не раней чым у лістападзе.