“NEUE ZUERCHER ZEITUNG”: “АПАТЫЯ І ПАЛІТЫЧНАЯ АНЯМЕЛАСЬЦЬ У БЕЛАРУСІ”

Ул. інф.

“Не, Беларусь ня ёсьць Паўночнай Карэяй”,— піша “Neue Zuercher Zeitung”. Тут не ўбачыш скульптурных манумэнтаў Аляксандру Лукашэнку або палацаў з пампэзнымі падарункамі, якія народ стварае для свайго “боскага праавадыра”. Беларусь — эўрапейская краіна. Тут зусім няма патрэбы ўваходзіць у нейкі экстаз — крычаць, плакаць — каб такім чынам атрымаць прыхільнасьць лідэра. У модных менскіх барах — пераважна маладыя наведнікі. Яны з задавальненьнем гавораць ня надта добрыя словы на адрас свайго дзяржаўнага кіраўніка. Днямі менскія навучэнцы правялі акцыю, зь якой сьмяяліся нават міліцыянты. Частка моладзі ў масках прэзыдэнта бегла праз парк, хаваючыся ад перасьледу сваіх сяброў — тых, хто выконваў ролю лекараў і быў апрануты ў мэдычныя халаты.

Падобныя сцэнкі цяжка ўявіць дзень-небудзь у Пхэньяне ці Пекіне,— піша “Neue Zuercher Zeitung”. Што да асобы, якую ў Вашынгтоне называюць апошнім дыктатарам Эўропы, то тут, паводле аўтара артыкулу, трэба рабіць пэўныя агаворкі. Сапраўды Лукашэнка ёсьць вельмі праблематычнай, адыёзнай і нават недастойнай для Эўпропы палітычнай фігурай. Аднак гэта не Кім Чэн Ір, не Туркмэнбашы, не Садам Гусэйн. Гэта ня той клясычны тыран, у краіне якога тысячы вязьняў сумленьня, а яшчэ большая колькасьць жыхароў канае ад галоднай сьмерці. У Лукашэнкі ёсьць свая апора — старэйшае, бяднейшае, вясковае насельніцтва дый таксама вялікая колькасьць дзяржчыноўнікаў. Зразумела, гэтая група падтрымкі не такая ўжо і маналітная. Але яна ёсьць.

Тое, што з Лукашэнкам нельга жартаваць, ведае ў Беларусі кожны. На слушную крытыку прэзыдэнт рэагуе раздражнёна — ён ня церпціь ні праціўнікаў, ні пярэчаньняў. Лукашэнка — галоўны герой ледзь ня большасьці інфармацыйных сюжэтаў на падкантрольнай яму дзяржаўнай тэлевізіі. Менавіта гэты момант вельмі нагадвае паўночнакарэйскі. Прэзыдэнт — сярод народу, апрануты то ў лекарскі каўпак, то ў камуфляж. Са сваімі падначаленымі ён размаўляе ўзбуджана, эмацыйна, нават гнеўна. Ніхто ня мае права яго спыніць, запярэчыць. Пасьля таго, як прэзыдэнт у рэзкай форме двойчы, тройчы зьвернецца да кіраўніка той ці іншай службы, той, канчаткова разгублены, адказвае вельмі ціха: маўляў, у будучыні ён будзе рабіць сваю працу лепш.

Пэрспэктывы, што хтосьці перахопіць уладу ў Лукашэнкі, вельмі невялікія. Лукашэнка трымае сытуацыю пад кантролем. Цяперашняя апазыцыя — слабая і некансалідаваная, парлямэнт — кішэнны. Органы юстыцыі знаходзяцца на ўтрыманьні прэзыдэнта. Ніякай сілы ня мае Канстытуцыйны суд. Палітычныя партыі карлікавыя і няўплывовыя. Тым часам беларускі кіраўнік у якасьці падтрымкі мае моцную адміністрацыю. Маніпулюючы ёй з дапамогай грошай і пагрозаў, ён даволі лёгка ўтрымлівае ўладу,— піша “Neue Zuercher Zeitung”.