НАВУЧАЛЬНЫ ГОД ПАЧАЎСЯ НА ВУЛІЦЫ

Любоў Лунёва, Менск

Ліцэісты прыйшлі апранутыя ў футболкі з лягатыпам Ліцэю і надпісам: “Я люблю свой Ліцэй!”. Яны трымалі ў руках кветкі і званочкі.

Зачыталі прысягу Ліцэю. Навучэнцы, 130 чалавек, прысягалі змагацца за свае правы, за свой гонар і за свой Ліцэй, а таксама аддана служыць і працаваць для Ліцэю, Беларусі і беларускай мовы. Пасьля ўрачыстай прамовы кіраўніка Ліцэю Ўладзімера Коласа ўсе пайшлі на пляцоўку ля агароджы стадыёну “Дынама”. На пляцоўцы паставілі лавы, дзяцей падзялілі па курсах і тыя селі групамі ў імправізаваных клясах. Да кожнай групы падыходзілі вядомыя дзеячы навукі й культуры і чыталі свае лекцыі. Сярод выступоўцаў былі Алесь Марачкін, Валеры Мазынскі, Радзім Гарэцкі, Пётра Садоўскі, Лявон Вольскі, які нават паабяцаў дзецям супольны канцэрт. Дзецям гэта вельмі падабалася. Гаворыць навучэнец чацьвертага курсу Андрэй Супаненка:

(Андрэй: ) “Падабаецца, бо можна пра ўсё паразмаўляць з настаўнікамі. Увогуле, такая атмасфэра “прыкольная”! Супэр!!! Падабаецца, што настаўнікі такія ў нас знакамітыя цяпер будуць… Рыгор Барадулін!.. Сёньня так шмат людзей. Я думаў, што будзе разы ў тры менш. Нават некаторыя з вуліцы прыходзяць, паглядзець, пацікавіцца. Канечне, гэта прыемна. Вучыцца — гэта супэр!”

Настаўнікі чатырох менскіх школаў прынесьлі ў Ліцэй кветкі. Іх раздалі клясным кіраўнікам першых курсаў. Нягледзячы на экстрэмальную сытуацыю, бацькі прывялі каля трыццаці дзяцей на першы курс. Яўген Грыневіч паступіў у Ліцэй прыканцы жніўня. Ён зьбіраў подпісы ў абарону Ліцэю і стаяў побач з усімі ў пікетах. Уступныя экзамэны Яўген здаваў ля брамы зачыненага Ліцэю.

(Яўген: ) “Я лічу сябе сапраўдным беларусам і хачу вучыцца тут. Я хачу вучыць мовы — ангельскую, нямецкую, гішпанскую. Геаграфію таксама… Ды й усё — беларускую мову, культуру, лексыку. Сапраўды, тут зусім іншыя дзеці й кантынгэнт. А тое, што мы на вуліцы, дык гэта не самае галоўнае. Партызанскія школы былі таксама на вуліцы. Будзем як партызаны”.

Лідэры ўсіх апазыцыйных палітычных партыяў на знак салідарнасьці прыйшлі да ліцэістаў. У Міколы Статкевіча старэйшая дачка скончыла Нацыянальны ліцэй…

(Статкевіч: ) “Вельмі ўдзячны Ліцэю, яго выкладчыкам, яго кіраўніцтву. Вельмі неацэнная школа для маёй дачкі. Яе прывучылі быць самастойнай, творчы падыходзіць да ўласнага жыцьця, разуменьню, што ўвесь час трэба вучыцца. Я хачу, каб і іншыя дзеці мелі такую магчымасьць. Зразумела, мы будзем рабіць усё магчымае для гэтага”.

У Вінцука Вячоркі ў Ліцэі вучыцца сын Франак…

(Вячорка: ) “Тут я ў першую чаргу як бацька ліцэіста. Тут я як адзін з тых, хто стваралі шмат гадоў таму гэты Ліцэй. Я адпрацаваў выкладчыкам у гэтым Ліцэі 11 гадоў. Сёньняшнія сьвяточныя падзеі паказваюць, што не ўдалося ім закатаць нас пад асфальт. Сёньняшні дзень я разглядаю як перамогу Беларусі й перамогу свабоды над тупасьцю, над абмежаванасьцю, над невуцтвам, над абскурантызмам. Гэта не палітычная перамога. Гэта маральная перамога”.

Кіраўнік Ліцэю Ўладзімер Колас лічыць, што лёс навучальнай установы залежыць і ад саміх ліцэістаў, іх бацькоў і выкладчыкаў.

(Колас: ) “Што зьяўляецца сутнасьцю нашага Ліцэю? Сталае пакаленьне перадае моладзі сваю мудрасьць. Свае веды і ўсім гэта падабаецца. Усё будзе залежыць ад нас — наколькі гэты Ліцэй патрэбны будзе вучням, іх бацькам, выкладчыкам і ўсяму беларускаму грамадзтву. Я думаю, пэрспэктывы ў яго самыя сьветлыя, як і ў самой Беларусі”.

Заняткі на вуліцы плянуюць праводзіць цягам тыдня. Потым дзеці будуць вучыцца ў сваіх выкладчыкаў дома.