АКТЫВІСТЫ КАНСЭРВАТЫЎНА-ХРЫСЬЦІЯНСКАЙ ПАРТЫІ БНФ НАЛАДЗІЛІ Ў КУРАПАТАХ ЧАРГОВУЮ ТАЛАКУ

Ганна Соусь, Менск

Я падыходжу да Ўладзімера Юхо, які распаліў вялікае вогнішча з высечанага раней кустоўя.

(Юхо: ) “Пасьля талокаў, якія адбываліся ў ліпені ў гарачыя дні, засталося вельмі шмат галінаў там, дзе вялася ачыстка лесу. Сёньня такі пахмурны дзень, увесь тыдзень ішлі дажджы, і мы вырашылі ўсе гэтыя галіны спаліць”.

Сёньня ў талацэ ўзяў удзел Кастусь Нямковіч, сын кіраўніка Хрысьціянскай злучнасьці “Курапаты” Вацлава Нямковіча.

(Нямковіч: ) “Гэта месца згубы соцень тысячаў нашых продкаў. Да таго ж гэта месца, дзе была сканцэнтраваная ўся гэтая палітыка, якая была ў Беларусі ў апошнія нават не 50-ці, а 100-200 гадоў. Гэта сымбаль Беларусі — мінулай і сучаснай”.

Думку Кастуся Нямковіча працягвае Рацібор Бягун, актыўны удзельнік талокаў у Курапатах.

(Бягун: ) “Сёньня шмат хто з вучняў,са шкаляраў стаіць на раздарожжы — што далей рабіць і як моладзі жыць далей? Літаральна апошні год перад паступленьнем вырашыў займацца гісторыяй. Я лічу, што гісторыя мне неяк бліжэй. Без гісторыі чалавек ня можа існаваць у будучыні. І сёньня я прыйшоў у Курапаты пасьля лінейкі ў сваёй былой школе. Для мяне й маіх сяброў распачынаецца новы сэзон, калі так можна сказаць. Зараз мы будзем больш рэгулярна прыходзіць у Курапаты, будзем тут эфэктыўна працаваць”.

Вось ўжо шмат гадоў актывістка КХП БНФ Тацяна Цяцёркіна, не зважаючы на ўласныя справы й занятасьць, бярэ ўдзел у талоках у Курапатах.

(Цяцёркіна: ) “Гэта цягнецца з 1989 году, калі распачаліся Курапаты. Мы будзем сюды прыходзіць, нягледзячы на нашыя справы, адкладаючы іх. І будзем змагацца за Курапаты, за нашую Беларусь кожны дзень, кожны час”.

Актывіст КХП БНФ Мікола Галаўнёў сёньня высякаў хмызьняк на магілах-ямінах у Курапатах…

(Галаўнёў: ) “Мы ўсе ведаем, чые тут пахаваньні — самых сумленных беларусаў, якія змагаліся за сваю праўду ў Беларусі, але іх бальшавіцкі тэрор зьнішчаў, як і цяпер рэжым уціскае й нават фізычна зьнішчае нашых вельмі сумленных беларусаў”.

Дажджы моцна размылі схілы кальцавой дарогі. Стала бачная нават электраправодка, падведзенаы да электрычнага слупа. Некалькі дзён таму ў Курапаты прыяжджала рамонтная брыгада й спрабавала аднавіць схілы, аднак пасьля іхнага ад’езду ў выніку невялікага дажджу зямлю ізноў размыла на глыбіню некалькі мэтраў. Уладзімер Юхо лічыць, што калі ўвосень пройдзе некалькі працяглых залеваў, кальцавая дарога ля Курапатаў можа ўвогульле прасесьці.