Зварот да ліцэістаў, іх настаўнікаў і бацькоў перададзены зь Вільні у Менск да першаверасьнёўскай лінаркі, якая будзе перад будынкам Ліцэю. Гэта адкрыты ліст, які пачынаецца зваротам: “Дарагія нашыя ліцэісты, мы цешымся, што вы такія ёсьць – што любіце Беларусь, вывучаеце сваю мову і гісторыю, мужна бароніце сваё”.
Колішнія беларускія гімназысты пішуць, што і ім давялося прайсьці праз падобныя выпрабаваньні – зьмены статусу, памяшканьняў, кіраўніцтва, інспэкцыі і забароны. Цяперашняя сытуацыя зь беларускім школьніцтвам падобная да часоў, калі ў Заходняй Беларусі гвалтоўна пазачыняліся сотні беларускіх пачатковых школаў, гімназіі у Наваградку, Клецку, Радашкавічах. Тады даўжэй за усе іншыя трывала Віленская Беларуская Гімназія – яна працавала і у часы нямецкай акупацыі Вільні і была зьліквідаваная толькі пасьля савецкай акупацыі у 1944 г., “калі большасьць настаўнікаў і многія вучні былі арыштаваныя ды сасланыя у лягеры”.
Старыя віленчукі, сьведкі многіх пакутаў беларускамоўнай адукацыі пад рознымі ўладамі, вераць, што яшчэ ёсьць магчымасьць адстаяць справу Ліцэю. “Сёньняшнія чыноўнікі ў Рэспубліцы Беларусь, мусіць, хочуць апынуцца на адным ўзроўні з душыцелямі беларушчыны – разам з расейскімі акупантамі, якія зачынялі Віленскі Ўнівэрсытэт, разам з польскімі акупантамі, што зачынялі беларускія школы ў Заходняй Беларусі, разам з камуністамі, што зьнішчалі цэлыя пакаленьні беларускіх вучоных і вучняў. Нічога ў іх не атрымалася. І не атрымаецца”.
Адкрыты ліст падпісалі былыя вучні Віленскай Беларускай Гімназіі, цяперашнія пэдагогі, якія працавалі і для беларускамоўнай адукацыі ў постсавецкай Вільні. Яны цяпер на пэнсіі і працягваюць рабіць канкрэтныя справы дзеля беларушчыны (беларускія радыёпраграмы у Літве, мэтадычная праца, лекцыі). У іх ліку – Галіна Войцік, дачка беларускай пісьменьніцы і дзеячкі нашаніўскага перыяду Зоські Верас, Вера Спарычанка–Шостак, Яраслаў Станкевіч. Яны падтрымліваюць ліцэістаў і прапаноўваюць дапамогу. Яраслаў Станкевіч, сын рэпрэсаванага беларускага паэта і кнігара Стася Станкевіча, цяпер – заслужаны настаўнік-мэтадыст (яму за 70, але ён да мінулага году працаваў у Віленскай беларускай школе) паведаміў у інтэрвію для Літоўскай нацыянальнай тэлевізіі, што сам накіруецца ў Менск, каб дапамагчы ліцэістам у іх змаганьні маральна і матэрыяльна.