11-гадовая Маша Каралькова прызнаецца, што засумавала без аднаклясьнікаў і хоча ў школу. Дзяўчына спадзяецца навучацца на беларускай мове.
(Маша: ) “Таму што гэта родная мова, таму што я – у краіне Беларусь і хачу вучыцца на беларускай мове”.
Летась Маша Каралькова некалькі месяцаў не наведвала школьныя заняткі на знак пратэсту: дзяўчына і яе бацькі патрабавалі навучаньня на беларускай мове, а чыноўнікі ад адукацыі не жадалі лішніх клопатаў. Пазыцыя бацькоў Каральковых была цвёрдая, і дзьве заключныя чвэрці Маша займалася часткова з клясай і індывідуальна з беларускамоўнымі настаўнікамі. Як будзе працягваць адукацыю 6-клясьніца Каралькова сёлета? Гаворыць маці Машы Ірына.
(Каралькова: ) “Маша 1 верасьня пойдзе ў школу, і калі не будзе магчымасьці ёй займацца надалей на беларускай мове, значыць, 2 верасьня яна ў школу наогул ня пойдзе”.
Ірына Каралькова мяркуе, што калі ў школе, дзе навучаецца Маша, не будзе створаная беларуская кляса, то яе дачку павінны вучыць па-беларуску індывідуальна. Іспыты на завяршэньне пятай клясы вытрымала з адзнакамі 9-10 баляў, і праблемы ўзьніклі толькі з расейкай мовай: веды Каральковай у гэтым прадмеце настаўнікі ацанілі на сярэднія балі. Таму, мяркуе Ірына, для яе дачкі беларускай адукацыі проста няма альтэрнатывы.
Бацька Машы Віктар Каралькоў лічыць, што агульнае становішча з беларускамоўным навучаньнем у Горацкім раёне сёлета будзе яшчэ горшае, чым летась. Адной з прычынаў ён называе сытуацыю вакол Беларускага ліцэю. Віктар лічыць, што на месцах чыноўнікі ўспрынялі гэта як атрыманы на дзяржаўным роўні дазвол не дбаць пра беларускія клясы і школы. Аднак Каральковы гатовыя змагацца за тое, каб іх дзеці атрымалі адукацыю на роднай мове.
(Каралькоў: ) “Мы будзем вучыцца на беларускай мове. Калі гэта будзе дома, то гэта будзе дома”.
5-гадовы Мікіта, малодшы сын Каральковых, ходзіць у дзіцячы садок, дзе, як абяцалі у раённым аддзеле адукацыі, будзе працаваць беларуская група. Праўда, на гэты час, паведамілі Каральковым, педадагічная рада яшчэ не вырашыла гэтае пытаньне канчаткова. Ірына і Віктар усё ж спадзяюцца, што сын будзе выхоўвацца ў беларускай групе з тым, каб падрыхтавацца да навучаньня ў школе на роднай мове.
(Каралькова: ) “Мы жывем ў Беларусі, і вучыцца мы павінны на беларускай мове. Нікога не здзіўляе, што ў Злучаных Штатах вучацца на ангельскай мове, у Нямеччыне – на нямецкай. А чаму ж у Беларусі мы павінны вучыцца на рускай мове?”
(Каралькоў: ) “Я проста хацеў бы, каб маё дзіцё выхоўвалася і вучылася па-беларуску, што абсалютна, на мой погляд, нармальна ў Беларусі для беларусаў”.