Паводле інфармацыі Ўладзімера Канаплёва, апошнім часам з групы “Рэспубліка” выйшлі дэпутаты Ўладзімер Лукашэвіч, Юры Марозаў, Віктар Парфяновіч (ня блытаць з Уладзімерам Парфяновічам!) і Пятро Іваненка.
Цяперашні кіраўнік “Рэспублікі” пацьвердзіў гэты факт і патлумачыў яго вялікім ціскам на сябраў групы:
(Скрабец: ) “На сябраў нашае групы ўвесь час ішоў ціск. І, канечне, ня ўсе маюць сілы, каб яго вытрымаць. Сябры групы падыходзілі да мяне й казалі, што ціск ідзе, і можа так здарыцца, што яны напішуць адпаведныя заявы. Магчыма, павелічэньне гэтага ціску зьвязанае з тым, што адзін зь лідэраў нашай групы генэрал Фралоў зрабіў заяву пра тое, што на прэзыдэнцкіх выбарах група магчыма вылучыць сваю кандыдатуру ў прэзыдэнты”.
Дэпутаты, якія напісалі заявы пра выхад з групы, пазьбягаюць тлумачэньняў сваіх учынкаў. Так, Юры Марозаў кажа:
(Марозаў: ) “Гэта цяжка тлумачыць. Проста напісаў, што, згодна з рэглямэнтам, я, як любы іншы дэпутат, магу ўваходзіць у склад групы, выходзіць. Жыцьцё…”
Сяргей Скрабец не пагаджаецца з тым, што цяпер зьявіліся юрыдычныя падставы для закрыцьця ягонай дэпутацкай групы:
(Скрабец: ) “Можна тут нават не разважаць. У рэглямэнце Палаты прапісана, колькі неабходна сябраў, каб стварыць групу. Але там нічога не сказана, калі група лічыцца спыніўшай існаваньне. Мы — сябры групы “Рэспубліка” лічым, што яна існуе, згодна з законам і рэглямэнтам Палаты прадстаўнікоў. Мы зьвярнулі сяньня на радзе Палаты на гэта ўвагу Ўладзімера Канаплёва, на што ён адказаў: увосень мы прапішам рэглямэнт, дзе будзе вызначана, калі група ўжо не існуе”.