(Карэспандэнтка: ) “Спадар Дувэ, ва ўчорашнім тлумачэньні АБСЭ адносна скасаваньня вашай паездкі прыводзяцца хутчэй тэхнічныя прычыны: маўляў, ваш бок просіць пра візы на адзін тэрмін, а беларускі бок няспынна прапануе перанесьці візыт. Ці толькі паводле гэтай, тэхнічнай прычыны, вашая разьвітальная сустрэча зь беларускімі журналістамі так і не адбудзецца?”
(Дувэ: ) “Я не выключаю, што паездка можа адбыцца, але гэта ўсё ж вельмі малаверагодна. Мой працоўны графік як кіраўніка адпаведнай службы АБСЭ на бліжэйшыя чатыры месяцы вельмі шчыльны. Я мушу наведваць і іншыя краіны-сябры гэтае арганізацыі. Таму я загадзя заплянаваў візыт у Менск на канкрэтныя дні — 1-2 верасьня. Але беларускі бок пачаў цягнуць зь візамі, стаў прапаноўваць перанесьці візыт. Тады я паведаміў, што чакаю іхнага рашэньня з панядзелку па гэтую сераду, аднак так гэтага рашэньня і не атрымаў”.
(Карэспандэнтка: ) “Вашае меркаваньне, чаго дамагаўся беларускі бок, калі прапанаваў Вам і вашай памочніцы прыехаць пазьней?”
(Дувэ: ) “Яны хацелі, каб у мяне адбылася сустрэча з урадам, якую яны самі зьбіраліся арганізаваць. Але ж я не зьяўляюся партнэрам ураду. У маёй кампэтэнцыі — наведаньне краіны, сустрэчы і размовы з журналістамі. Гэтае правіла распаўсюджваецца і на ўсе астатнія 54 краіны. Я мушу рабіць даклады, справаздачы. І на гэта ня трэба нейкіх дазволаў урадаў. Я сам мушу вырашаць, калі мне трэба быць там”.
(Карэспандэнтка: ) “Але, як Вы самі лічыце, беларускі бок зараз штосьці мае супраць Вас асабіста або супраць АБСЭ?”
(Дувэ: ) “Вядома, што ў Менску нашую структуру ня надта любяць. Але ж яны самі двойчы выбіралі мяне, працягвалі мой мандат. Таму яны й мусілі прымаць маю крытыку адносна сытуацыі са свабодай СМІ ў Беларусі і рэагаваць на яе. Дарэчы, рэакцыя была заўсёды фармальнай, яны заўсёды спазьняліся зь ёй і пісалі так: вы ня маеце рацыі, спадар Дуве. У сваю чаргу, я ніколі не хаваў сваё расчараваньне ў зьвязку з тым разьвіцьцём, якое мае месца ў Беларусі цягам 6-ці апошніх гадоў. У Беларусі вельмі добрая журналісцкая супольнасьць. Той ціск, які робіць рэжым на незалежныя СМІ, нэгатыўна адбіваецца на агульным журналісцкім прафэсіяналізьме, аднак гэты ціск робіцца ўсё большым”.
(Карэспандэнтка: ) “На вашую думку, застаецца чакаць яшчэ большага пагаршэньня?”
(Дувэ: ) “Я думаю, што ўся Эўропа — ЭЗ, РЭ, АБСЭ дый асобныя краіны — Францыя і Нямеччына мусяць растлумачыць Беларусі, каб яна ў зьвязку з пашырэньнем ЭЗ ўсьвядоміла сваё месяца як памежнай дзяржавы, тое, што геаграфічна яна ў Эўропе, аднак палітычна ўяўляе сабой адміністрацыйную дыктатуру. Калі кіраўніцтва краіны не надае гэтаму ўвагі, аднак бальшыня грамадзянаў усьведамляюць сытуацыю, то паміж бакамі могуць паўстаць сур’ёзныя праблемы. Як адказны за справы СМІ, я не камэнтую наступствы такіх праблемаў, аднак праблемы ёсьць вельмі сур’ёзныя”.