УРАД РАСЕІ ЎНЁС У ДЗЯРЖДУМУ ПРАЕКТ ФЭДЭРАЛЬНАГА БЮДЖЭТУ НА 2004 ГОД

Юры Дракахруст, Прага

Паводле прагнозу, даходы расейскага бюджэту заплянаваныя на ўзроўні прыблізна 100 мільярдаў даляраў, гэта 18% ад валавага ўнутранага прадукту Расеі. Гэтая доля – паказчык таго, наколькі істотную ролю ў эканамічных працэсах адыгрывае дзяржава. Паводле гэтага паказчыка Расея цяпер ня надта адрозьніваецца ад такіх краінаў, як Злучаныя Штаты, Велікабрытанія, Нямеччына – там доля ВУП, якую дзяржава пераразьмяркоўвае праз бюджэт – ад адной шостай да адной пятай. Для параўнаньня: у Беларусі празь бюджэт пераразьмяркоўваецца чвэрць унутранага прадукту.

У праекце, як ужо некалькі гадоў запар, фэдэральны бюджэт Расеі зводзіцца з прафіцытам – гэта значыць, даходы будуць перавышаць выдаткі. Навацыяй бюджэту ёсьць стварэньне стабілізацыйнага фонду. Эканамічныя посьпехі Расеі апошніх гадоў у значнай ступені зьвязаныя з высокімі цэнамі на нафту. Расейскі ўрад плянуе акумуляваць гэтыя сродкі дзеля праграмаў мадэрнізацыі эканомікі, каб звышдаходы ад экспарту сыравіны не былі проста праедзеныя.

Праект бюджэту Расеі прадугледжвае пэўнае пераразьмеркаваньне падатковых даходаў ад рэгіёнаў фэдэральнаму цэнтру, калі раней пятая частка падатку ад здабычы нафты і газу ішло рэгіёну, зараз гэтая доля скароціцца да 5%.

Артыкул “нацыянальная абарона” – самы значны ў праекце расейскага фэдэральнага бюджэту, гэта 15 мільярдаў даляраў, ці адпаведна 15% ад расходнай часткі. Для параўнаньня – выдаткі на сацыяльную палітыку Расеі прадугледжаныя на ўзроўні 6%. Але ўзровень расейскіх выдаткаў на абарону ня ёсьць чымсьці экстраардынарным у сьвеце. Яны складаюць крыху менш 3% ад валавага ўнутранага прадукту. Сярод краінаў NATO толькі Турцыя і Грэцыя маюць ваеныя выдаткі, якія перавышаюць 4% ад ВУП. Набліжаецца да ўзроўню 4% ад ВУП ваенны бюджэт ЗША, прапанаваны адміністрацыяй Джорджа Буша. Праўда, маштабы амэрыканскага бюджэту іншыя – толькі абарончыя выдаткі ЗША ў 5 разоў перавышаюць увесь расейскі фэдэральны бюджэт.

Паводле тых зьвестак, якія я маю на гэты момант, выдаткі на пераход Беларусі на расейскі рубель і ўвогуле інтэграцыю ў праекце расейскага бюджэту не прадугледжаныя. Паводле плянаў, пераход Беларусі на расейскі рубель мяркуецца на 1 студзеня 2005 году. Магчыма, выдаткі будуць аднесеныя на адпаведны бюджэт 2005 году. Да таго ж адмысоўцы падкрэсьліваюць, што гэтыя выдаткі будуць мець форму крэдыту, выдадзенага Беларусьсю Цэнтрабанкам Расеі, а гэтыя крэдыты не ўваходзяць у склад бюджэтных выдаткаў.

Пэўны час таму амбасадар Расеі ў Беларусі Аляксандар Блахін гаварыў пра тое, што Расея пад пераход Беларусі на адзіную валюту прадаставіць Менску 500 мільёнаў даляраў – гэта прыблізна 0,5% ад агульнага аб’ёму выдаткаў расейскага фэдэральнага бюджэту.