ПАСОЛ БЕЛАРУСІ Ў ЗША МІХАІЛ ХВАСТОЎ КРЫТЫКУЕ ТЭДА КОНТЭКА

Віталь Тарас, Прага

Інфармацыя аб гэтым, а таксама інтэрвію з Тэдам Контэкам прагучалі на беларускай “Свабодзе”. Выказваньні амэрыканскага дыплямата былі зьмешчаныя 14 жніўня таксама на сайце www.rferl.org. Беларускі пасол просіць апублікаваць свой ліст на гэтым сайце.

На думку Міхаіла Хвастова, сваімі выказваньнямі Тэд Контэк “увёў у зман урад ЗША і амэрыканскі народ”. У прыватнасьці, піша ён, “ацэнка Тэдам Контэкам беларускай эканомікі як такой, што “прыходзіць у заняпад” пярэчыць таму факту, што ў студзені-траўні 2003 году рост нашай нацыянальнай эканомікі склаў 104.4 працэнты ў параўнананьні з адпаведным пэрыядам 2002 году. Цьверджаньне спадара Контэка наконт “адсутнасьці эканамічных рэформаў” не адпавядае рэчаіснасьці. У Беларусі ў няўрадавым сэктары эканомкі ў 2002-м годзе працавалі 1 мільён 160 тысяч чалавек, што складае 50,1% рабочай сілы краіны”...

Міхаіл Хвастоў спасылаецца таксама на справаздачу ААН аб чалавечым разьвіцьці, паводле якой Беларусь займае 53 месца ў рэйтынгу сярод 175 краінаў сьвету. У сувязі зь цверджаньнем Тэда Контэка аб тым, што беларусы маюць перасьцярогу наконт палітычнага і эканамічнага саюзу з Расеяй, Міхаіл Хвастоў спасылаецца на вынікі апытаньня грамадзкай думкі, (не ўдакладняючы крыніц інфармацыі) паводле якога амаль 55% апытаных выступаюць за паскарэньне інтэграцыі. Далей Міхаіл Хвастоў спасылаецца на Аляксандра Лукашэнку, паводле якога “саюз з Расеяй магчымы толькі пры ўмове безумоўнага сувэрэнітэту і незалежнасьці Рэспублікі Беларусь”.

Разважаньні Контэка наконт магчымага рэфэрэндуму адносна зьмены Канстытуцыі, на думку Хвастова, ня ўлічваюць важны момант. “Па-першае, у цяперашні час няма нават успаміну наконт рэфэрэндуму ў Беларусі. Незразумела, чаму рэфэрэндум – звычайную працэдуру для дэмакратычнай краіны, у тым ліку для Беларусі – ён (Тэд Контэк – РС) разглядае як “пагрозу”. Мабыць, гэта разглядаецца як пагроза з боку палітычнай апазыцыі. Аднак, паводле спадара Контэка, беларуская апазыцыя “застаецца слабой і расколатай”.

На заканчэньне Міхаіл Хвастоў выказвае нязгоду зь меркаваньнем, якое нібыта выказаў Тэд Контэк, аб тым, што Беларусі “трэба зрабіць крокі насустрач чаканьням нашага амэрыканскага партнэра”. Паводле Хвастова, “пасьля заканчэньня халоднай вайны, міжнародная палітыка ў сьвеце, які застаецца вельмі небясьпечным, можа быць толькі двухбаковай. Мы прапануем супрацоўніцтва – адзіны сродак, які дапаможа разьвіцьцю нашых адносінаў”.