ЦІ ПРЫДАТНЫ ДЛЯ БЕЛАРУСІ ШЛЯХ РАЗЬВІЦЬЦЯ, ЯКІ АБРАЛІ КРАІНЫ БАЛТЫІ?

Галіна Абакунчык, Менск

Многія сярод апытаных мінакоў пагадзіліся з думкай, што сярод постсавецкіх краінаў сёньня найлепш жывуць людзі ў краінах Балтыі. Адказы ж на пытаньне — ці прыдатная іхная мадэль разьвіцьця для Беларусі? — былі такімі…

(Спадар: ) “Для Беларусі — не. Чаму? Рынкавая эканоміка — гэта заўсёды добра. Але стаўленьне да людзей, якія там жылі, да вэтэранаў — яно непрымальнае для нашай краіны”.

(Спадарыня: ) “У нас, напэўна не атрымаецца так, як у Прыбалтыцы. Там, пэўна, лепшая справядлівасьць. А ў нас і не было яе, а апошнім часам зусім ня стала. Так што — ня зможам мы так жыць”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці падыходзіць для Беларусі мадэль разьвіцьця краінаў Балтыі?”

(Спадар: ) “Наўрад ці. Я лічу, што Прыбалтыка, усё ж, бліжэй да Захаду. Там зусім іншы ўзровень разьвіцья, зусім іншая мараль, ідэі. Я лічу, што ў нас сваё павінна быць”.

(Спадарыня: ) “Яны ўжо даўно лепш за нас жывуць. Як кажуць — які поп, такі й прыход. Таму мы так і жывем”.

(Спадарыня: ) “Вельмі шкада, што мы глядзім на Ўсход, а не на Захад. Мы ж калісьці былі там, а пасьля нас адарвалі. Але ўсе хочуць цывізаванага разьвіцьця, усе”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці падыходзіць для Беларусі мадэль разьвіцьця краінаў Балтыі?”

(Спадар: ) “Я не лічу, што гэта аптымальная мадэль, але для Беларусі яна была бы цалкам прыдатная. Чым мы горшыя? Урэшце, калісьці ў нас была адна краіна й адзін народ”.

Некаторыя сярод мінакоў казалі, што ім цяжка адказаць на гэтае пытаньне, бо мала ведаюць сёньняшняе сацыяльна-эканамічнае становішча ў балтыйскіх краінах. Але ўсё ж мяркуюць, што Беларусь мусіць шукаць сваю мадэль разьвіцьця.

(Карэспандэнтка: ) “Ці падыходзіць для Беларусі мадэль разьвіцьця краінаў Балтыі?”

(Спадарыня: ) “Шчыра кажучы, я ня ведаю, бо мала знаёмая з жыцьцём у Прыбалтыцы. Але жыцьцё ў Беларусі лепшае, чым у Расеі. І калі людзі зразумеюць, што ня трэба чакаць нечага гатовага, а самім брацца за сваё жыцьцё, то можа нешта і атрымаеццца”.

(Спадар: ) “Наконт Прыбалтыкі я дакладна ня ведаю, але мая думка такая, што Беларусь павінная ісьці свам шляхам. Трэба дакладна распрацаваць праграму, вызначыць галоўныя прыярытэты і не капіяваць ані Ўсход, ані Захад, ані Расею”.

(Спадар: ) “Я ня думаю, што гэта аптымальная для нас мадэль. Прыбалтыйскія краіны — гэта зусім іншы мэнталітэт і адносіны з Захадам. Ня можа атрымацца гэтаксама, як і ў Расеі, бо там рэсурсы. Таму трэба старацца браць лепшае з таго, што ёсьць і рабіць сваю мадэль”.

(Спадарыня: ) “Краіна Беларусь мае свой мэнталітэт, а таму трэба шукаць шлях, якім будзе разьвівацца Беларусь у спалучэньні зь іншымі варыянтамі”.

(Спадар: ) “Браць адназначна іхны шлях разьвіцьця будзе наўрад ці правільным. Іншая рэч, што мы павінныя, магчыма, у сфэры абслугоўваньня штосьці пераняць. А ў вытворчасьці й прамысловасьці ў іх няма чаго браць, бо іхная прамысловасьць развалілася, і гэта ня наш шлях разьвіцьця”.

(Спадар: ) “Не. Прыбалтыка — яна заўсёды была Прыбалтыкай: у іх свой шлях, свой мэнталітэт, свая культура. І мы хоць і суседзі, але мы павінныя свой шлях выбіраць. Лепшае трэба ў сябе знаходзіць, а не ў суседніх краінах”.

Гэта былі выказваньні мінакоў на пытаньне, ці прыдатны для Беларусі шлях разьвіцьця краінаў Балтыі.