УЛАДЗІМЕР АРЛОЎ АДЗНАЧАЕ 50-ГОДЗЬДЗЕ

Ганна Соусь, Менск

Сёньня Ўладзімер Арлоў пачаў адказваць на тэлефонныя віншаваньні, пачынаючы з паловы на другую начы. Як ён пажартаваў, не было часу нават на гімнастыку, якую ён абавязкова робіць штораніцы. Як узгадвала ягоная маці, нарадзіўся Ўладзімер Арлоў на ўсходзе сонца, і першае, што ўбачыў з вокнаў радзільні, быў полацкі Сафійскі Сабор. І як потым неаднойчы казаў пісьменьнік, напэўна менавіта гэтае вызначыла ягонае жыцьцёвае кола.

Амаль кожны твор Уладзімера Арлова адразу станавіўся бэстсэлерам. Ягонае эсэ “Незалежнасьць — гэта…” пасьля надрукаваньня ў 1990 годзе ў газэце “Свабода” было перакладзенае на 25 моваў сьвету. Ягоныя кнігі “Адкуль наш род?” І “Дзесяць вякоў беларускай гісторыі”(у сааўтарстве з Генадзем Сагановічам) стаяць на пачэсных месцах ў бібліятэках сьвядомых беларусаў. Адзін зь ягоных апошніх твораў — беларуская гістарычная энцыкляпэдыя “Краіна Беларусь” — унікальнае выданьне зь некалькімі тысячамі ілюстрацыяў.

Сёлета выйшлі два зборнікі твораў Уладзімера Арлова “Ордэн белай мышы” і “Адкусі галаву вароне”.

Юбілей Уладзімера Арлова ёсьць сапраўднай падзеяй для Беларусі — гэтак лічыць доктар філялёгіі, прафэсар Дзяржунівэрсытэту Міхась Тычына.

(Тычына: ) “Аднойчы Гегель незнарок і мусіць быць наўгад

назваў гісторыка — прарок, які прадказвае назад.
Узьнікае пытаньне — як Арлова-гісторыка спалучыць з Арловым, які піша вельмі сучасныя рэчы, як тое ж эсэ “Незалежнасьць” і такія пост-мадэрнісцкія, іранічныя аповесьці, апавяданьні. Мне здаецца, што адказ тут просты. Ён як ніхто з нашых сучасьнікаў вельмі добра адчувае і востра перажывае гістарызм імгненьня, якое мы ўсе праходзім у дадзены момант”.

Літаратурны крытык Сяргей Дубавец успрымае Ўладзімера Арлова ў розных іпастасях…

(Дубавец: ) “Для мяне Ўладзімер Арлоў найперш не пісьменьнік і не гісторык, бясспрэчна цікавы, а рэдактар. Прафэсіянал, якому ў нашай літаратуры бясспрэчна няма роўных. Калі ў краіне ёсьць хаця б адзін такі прафэсіянал, тады хаос самадзейных талентаў ды геніяў ператвараецца ў знакавыя імёны і выдатныя кнігі. Працуючы спачатку ў наваполацкай газэце “Хімік”, пасьля ў выдавецтве “Мастацкая літаратура”, а цяпер за сваім хатнім сталом Арлоў падахвоціў і вывеў на арбіту цэлае пакаленьне літаратараў. Ён распазнаваў таленты і ставіў іх на ногі. Вось чаму, калі б не было Арлова-пісьменьніка, то не было б Арлова-пісьменьніка, а калі б не было Арлова-рэдактара, то не было б дзясятка вядомых паэтаў і празаікаў і цэлай бібліятэкі сучаснае беларускае літаратуры”.

Працягвае археоляг Міхась Чарняўскі.

(Чарняўскі: ) “Цудоўна, што мы атрымалі пісьменьніка, які значную частку сваёй творчасьці аддае беларускай мінуўшчыне. Кажуць, што ён прадаўжальнік Уладзімера Караткевіча. Я бы сказаў, што ў яго свая дзялянка, свой стыль. Ён непаўторны, як Уладзімер Караткевіч непаўторны. Гэта тое, што патрэбна для нас, для нашага народа — абуджаць гістарычную памяць, бо толькі праз гістарычную памяць наступіць адраджэньне. Хачу пажадаць Уладзімеру Арлову — пісаў і пісаў, і каб друкаваў гэтак жа шмат, і так таленавіта, як да гэтага часу. І дай Бог яму яшчэ і здароўя”.

Гэта было віншавальнае слова Міхася Чарняўскага.