Пісьмовае папярэджаньне падпісаў намесьнік міністра юстыцыі Петраш. Галоўная Рада грамадзкага аб’яднаньня павінна ўхіліць усе парушэньні, паколькі “у міністэрства юстыцыі дастаткова падставаў для ўзьняцьця пытаньня аб ліквідацыі арганізацыі ў судовым парадку”. Вось што гаворыць намесьнік старшыні грамадзкага аб’яднаньня “Саюз палякаў на Беларусі” Юзаф Пажэцкі.
(Пажэцкі: ) “Усю дакумэнтацыю, якую мы дасылаем у структуры ўлады, мы пішам на беларускай мове або на расейскай. Нашая ўнутраная дакумэнтацыя вядзецца на польскай мове”.
Сп. Пажэцкі зазначае, што такое права ім дае Закон аб нацыянальных меншасьцях. Што датычыць блянкаў і пячаткі, дык яны выкананыя на дзьвюх мовах—беларускай і польскай.
(Пажэцкі: ) “15 гадоў было так, што ніхто ня меў ніякіх прэтэнзіяў. Цяпер раптам гавораць, што мы парушылі заканадаўства. Я даведаўся, што сёньня ня толькі мы маем такія праблемы. Тыя ж самыя праблемы маюць літоўцы, Саюз польскага харцарства і іншыя недзяржаўныя арганізацыі”.
Юзаф Пажэцкі мяркуе, што гэта робіцца дзеля таго, каб зьліквідаваць або застрашыць грамадзкія арганізацыі.
(Пажэцкі: ) “У папярэджнаньні напісана, што можа быць разгледжана пытаньне аб закрыцьці Саюзу палякаў. Але я думаю: няма ніякіх падставаў, каб яго закрываць”.
За свае правы палякі будуць змагацца. Яны зьвярнуліся па дапамогу ў польскую амбасаду і консульствы. І, магчыма, зьвернуцца ў Вярхоўны суд, каб абскардзіць пісьмовае папярэджаньне зь міністэрства юстыцыі.
Начальнік Управы рэгістрацыі грамадзкіх аб’яднаньняў Міністэрства юстыцыі Міхаіл Сухінін пацьвердзіў, што папярэджаньне Саюзу палякаў зробленае, аднак адмовіўся адказваць на любыя пытаньні Радыё Свабода наконт гэтага папярэджаньня.