“РАТУШУ” ЛІКВІДАВАЛІ

Сяргей Астраўцоў, Горадня

Сёньня суд вярнуўся да справы аб ліквідацыі “Ратушы”. Яе разгляд пачаўся 22 траўня, але працэс прыпынілі. Управа юстыцыі вырашыла, што грамадзкае аб’яднаньне можна закрыць за рызограф, на які не было ліцэнзіі. Сёньня прадстаўнік управы Ўладзімер Хілюта агучыў дадатковыя закіды на адрас “Ратушы”: некаторыя дробныя парушэньні трохгадовай даўніны, кшталту выкарыстаньня пячаткі зь няпоўнай назвай арганізацыі. Судзьдзя Аляксандар Калесьнік палічыў іх збольшага беспадстаўнымі.

Прадстаўнікі старшыні “Ратушы” Аляксандра Мілінкевіча абвяргалі асноўныя довады упраўленьня юстыцыі — аб тым, што на працягу году аб’яднаньне нібыта двойчы парушыла адно і тое ж палажэньне Адміністрацыйнага кодэксу, паколькі летась сп. Мілінкевіча пакаралі за выкарыстаньне рызографу, а сёлета — толькі за яго захоўваньне. Доказаў яго наступнага выкарыстаньня управа юстыцыі ня мела. Аднак суду хапіла сьцьверджаньня, што “Ратуша”, надрукаваўшы кніжку беларускіх народных песень, а пазьней проста ўтрымліваючы рызограф на сваім балянсе — паўторна зрабіла аднолькавае парушэньне.

(Мілінкевіч: ) “Я думаю, што гэты суд яшчэ раз пацьвердзіў, што адносіны паміж дзяржавай і недзяржаўнымі арганізацыямі — гэта не адносіны партнэрскія. Часьцей за ўсё дзяржава глядзіць на грамадзкія арганізацыі, як на антыдзяржаўныя. І спрабуе пры першай магчымасьці іх зьліквідаваць, як непатрэбнае зло”.

Кіраўнік “Ратушы” лічыць, што вынік суду быў прадказальны, бо адбываецца наступ на трэці сэктар.

(Мілінкевіч: ) “На жаль, паводле нашых дадзеных, на Гарадзеншчыне амаль 60 адсоткаў грамадзкіх арганізацыяў — незарэгістраваныя. Гэта вельмі дрэнна і для саміх грамадзкіх арганізацыяў, і для ўлады. Але гэтае становішча, на жаль, пакуль што задавальняе ўладу, якая заганяе арганізацыі ў падпольле. Магчыма, тое ж самае будзе і з “Ратушай”.

Суд ня ўзяў пад увагу тое, што рызографа ў “Ратушы” даўно няма. Яшчэ да пачатку судовага працэсу — 18 траўня рызограф перадалі адной недзяржаўнай навучальнай установе, якая мае ліцэнзію на паліграфічную дзейнасьць.

На судовым працэсе прысутнічалі прадстаўнікі амэрыканскай, брытанскай і польскай амбасадаў, а таксама офісу АБСЭ.