Падчас прадстаўленьня сваіх калегаў старшыня Аб’яднанай Грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька патлумачыў дыпляматам, на якой глебе супрацоўнічаюць пяць палітычных партыяў:
(Лябедзька: ) “Адразу мы зрабілі акцэнтацыю, што пяцёрка аб’ядналася па двух кірунках: гэта мажлівы рэфэрэндум і, як галоўная задача, недапушчэньне трэцяга тэрміну Лукашэнкі. І другі кірунак — гэта выбарчая кампанія налета ўвосень. Мы ставілі перад сабой задачу прэзэнтаваць пазыцыі і падыходы “пяцёркі” па ўнутрыпалітычнай сытуацыі, па падзеях, якія адбываюцца, і давесьці да кіраўнікоў дыпляматычных місіяў, што зьбіраецца рабіць “пяцёрка” як “пяцёрка”, а таксама ў супрацоўніцтве і ў кааліцыі з грамадзкімі арганізацыямі, з грамадзянскімі ініцыятывамі, з дэпутатамі розных узроўняў”.
Старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады Станіслаў Шушкевіч, які таксама ўдзельнічаў у гэтай сустрэчы, тлумачыць яе неабходнасьць слабай інфармаванасьцю замежных дыпляматаў:
(Шушкевіч: ) “Фактычна ні адзін з амбасадараў ні аб чым не выказваў свайго меркаваньня — у іх былі толькі пытаньні. У мяне такое ўражаньне, што яны знаходзяцца пад уражаньнем тых выступленьняў у друку, у тэлевізіі, дзе нашую “пяцёрку” аблайваюць, хто як можа — ад Саньнікава і Гайдукевіча да афіцыйных уладаў. Яны проста сказалі так: мы — нэйтральныя, мы інфармуем нашыя ўрады пра тое, што тут адбываецца. Маўляў, нашая мяжа да вас наблізіцца, таму што Эўразьвяз ужо хутка будзе побач. Мы проста хацелі б запытацца ў вас, як вы да чаго ставіцеся”.
Што тычыцца непасрэдна замежных дыпляматаў, дык яны пазьбягаюць афіцыйных камэнтароў. А вось у прыватной размове са мной, адзін зь іх засяродзіў увагу на тым, што сустрэча цягнулася больш заплянаванага часу, што сьведчыць пра ўзаемную зацікаўленасьць да яе. Па-другое, бакі выказаліся за тое, каб падобныя сустрэчы ў дадзеным фармаце былі працягнутыя.