36-гадовы канадыйскі інжынэр з гораду Вініпэг Джэймс Лукашэнка прыехаў з двума сваімі сябрамі ў Менск позна ўвечары 20 жніўня. Да гэтага ён пабываў у Берасьці. Сам нешматслоўны канадыец ня надта ўпэўнены ў сваім сваяцтве з Аляксандарам Лукашэнкам. Вось што ён сказаў у інтэрвію беларускай “Свабодзе”:
(Лукашэнка: ) " Гэтую інфармацыю я атрымаў ад свайго бацькі, але сам ня надта ў ёй упэўнены".
Тым ня менш у сваім лісьце да беларускага лідэра Джэймс пісаў, што ягоны дзед, які на пачатку ХХ стагодзьдзя выехаў у Канаду, і дзед Аляксандра Лукашэнкі былі братамі, якія разам жылі ў мястэчку Сабічове ва Ўкраіне. Джэймс Лукашэнка, вельмі хацеў бы сустрэцца са сваім высокім нібыта траюрадным дзядзькам. Джэймс Лукашэнка працягвае:
(Лукашэнка: ) "Я прыехаў як турыст, але хацеў бы сустрэцца з афіцыйнымі прадстаўнікамі. Ніякіх прэсавых канфэрэнцыяў я не пляную. Я яшчэ ні з кім не сустракаўся, але спадзяюся патэлефанаваць ім сёньня".
Але гэтая сустрэча хутчэй за ўсё не адбудзецца. Прэсавая сакратарка Алдяксандра Лукашэнкі Натальля Пяткевіч паведаміла Радыё Свабода, што ніякія афіцыйныя ворганы не зьвярталіся да яе шэфа з просьбай правесьці сустрэчу з канадыйцам.
Джэймс гаворыць, што нічога ня ведаў пра тое, што Аляксандар Лукашэнка ёсьць аўтарытарным лідэрам і быў гэтым вельмі зьдзіўлены. Ён гаворыць, што ў Канаду даходзіць вельмі мала інфармацыі пра Беларусь і яе кіраўніка.
Пра сябе Джэймс Лукашэнка распавядае, што ён вялікі хакейны заўзятар і яму вельмі падабаецца беларуская хакейная зборная. Зь яе гульнёй канадыйскі Лукашэнка пазнаёміўся падчас апошняй зімовай Алімпіяды ў Солт-Лэйк-Сіты. Асабліва яму спадабалася перамога беларусаў над швэдамі. Таму ён хацеў падараваць Аляксандру Лукашэнку швэдар каманды НХЛ "Вініпэг Джэтс" і атрымаць узамен швэдар беларускай нацыянальнай зборнай.
Джэймсу Лукашэнку ў Беларусі спадабалася. Яго ўразіла манумэнтальнасьць мэмарыялу "Берасьцейская крэпасьць", а таксама зычлівасьць і ветлівасьць беларусаў.
22 жніўня Джэймс Лукашэнка выяжджае ў Расею, а пасьля да сваіх сваякоў ва Ўкраіну.