Удзельнікі: былы прэм’ер-міністар Міхаіл Чыгір і галоўны рэдактар інтэрнэт-газэты “Беларускія навіны” Аляксандар Класкоўскі.
Прызначэньне былога віцэ-прэм’ера Аляксандра Папкова першым намесьнікам кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта стала чарговым сьведчаньнем новага падыходу Аляксандра Лукашэнкі да кадравай палітыкі. Чым адрозьніваюцца гэтыя новыя падыходы ад ранейшай тактыкі? Чаму кіраўнік дзяржавы менавіта зараз імкнецца ўлагодзіць намэнклятуру?
(Цыганкоў: ) “Прызначэньне былога віцэ-прэм’ера Аляксандра Папкова першым намесьнікам кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта стала чарговым сьведчаньнем новага падыходу Аляксандра Лукашэнкі да кадравай палітыкі. Варта нагадаць, што 10 ліпеня прэзыдэнт накіраваў у адстаўку прэм’ера Генадзя Навіцкага і віцэ-прэм’ера Аляксандра Папкова, а таксама міністра сельскай гаспадаркі й кіраўнікоў некалькіх канцэрнаў. Галоўнай прычынай гэтага рашэньня Лукашэнка назваў тое, што адстаўленыя кіраўнікі “падманулі народ”. “Гэтыя людзі ня справіліся, ня выканалі маіх патрабаваньняў,— сказаў тады Лукашэнка. Цяпер атрымліваецца, што гэтыя людзі, якія “не далі рады”, зноў вяртаюцца на вышэйшыя пазыцыі ва ўладзе. Ці гэта новая палітыка да намэнклятуры, якая істотна адрозьніваецца ад ранейшай, ці гэта проста вымушаны крок, да якога кіраўніка дзяржавы штурхаюць пэўныя абставіны?”
(Чыгір: ) “Самае галоўнае з пункту гледжаньня Лукашэнкі — тое, што і Навіцкі, і Папкоў прайшлі выпрабаваньне часам. Яны выконвалі ўсе загады і даручэньні — такіх людзей у краіне няшмат. А тыя, хто прайшлі выпрабаваньне і засталіся верныя прэзыдэнту — заўсёды патрэбныя.
Напрыклад, Аляксандар Папкоў актыўна браў удзел у пазбаўленьні мяне волі. Ён прымусіў Аграпрамысловы банк падаць на мяне пазоў, нягледзячы на тое, што ўсе тэрміны даўно прайшлі. Вядома ж, Лукашэнку трэба, каб такія людзі былі побач і мелі ўладу”.
(Цыганкоў: ) “Вернемся да цяперашняга стаўленьня Аляксандра Лукашэнкі да намэнклятуры. Нават прэм’ер-міністры (Міхаіл Чыгір, Уладзімер Ярмошын) не атрымлівалі аніякай дзяржаўнай пасады пасьля звальненьня, а напрыклад, міністар сельскай гаспадркі Васіль Лявонаў быў пасаджаны ў турму. Аднак апошнія некалькі гадоў не прыгадаеш аніводнага выпадку, калі нейкі зьняты міністар быў пакараны. Хутчэй за ўсё, чыноўнік атрымлівае новую, дастаткова высокую пасаду. Чым можна патлумачыць такую перамену?”
(Класкоўскі: ) “Па-першае, варта адзначыць, што ў кадравай палітыцы Лукашэнка выкарыстоўвае ня новы псыхалягічны прыём — напачатку чалавека прынізіць, растаптаць, тыцнуць яго ў бруд, а потым памілаваць, узьняць, калі ён ужо надламаны ўнутрана і няздольны “рыпацца”. Гэты прыём скарыстоўваўся і раней. Дастаткова ўзгадаць міністра абароны Мальцава, якога абвінавацілі, што ён нібыта быў нецьвярозым на трыбуне, “выслалі” ў Маскву, а потым празь нейкі час вярнулі на пасаду. Падобная ж сытуацыя была з былым магілёўскім губэрнатарам Кулічковым, якога таксама прылюдна, абразьліва выставілі з пасады, а потым празь нейкі час далі міністэрскае крэсла.
Гэта, аднак, і добры PR, бо так званы “просты люд” любіць, калі лупцуюць і бэсьцяць гэтых намэнклятурнікаў, робяць іх нейкіямі “ахвярнымі казламі”.
(Цыганкоў: ) “Магу толькі заўважыць, што раней паўза паміж прыніжэньнем і літасьцю была большая. Раней некалькі гадоў чыноўніка “марынавалі”, а цяпер ужо праз колькі тыдняў вяртаюць ва ўладу”.
(Класкоўскі: ) “Вы, Віталь, патрапілі ў саму кропку. Сапраўды, гэты “часавы лаг” становіцца ўсё карацейшым. І гэта сьведчыць пра тое, што ў Лукашэнкі, кажучы спартовай мовай, усё карацейшай робіцца “лава запасных”. Таму ён мусіць хуценька рабіць рэвэрансы, раздаваць пасады, і даваць пасылы намэнклятуры — маўляў, бачыце, не такі я і зьвер, калі вы людзі адданыя (нават калі нейкі ўчастак працы завалілі), я зразумею і недзе ўладкую”.
(Цыганкоў: ) “Спадар Чыгір, чым бы вы патлумачылі такую цяперашнюю “лагоднасьць” Аляксандра Лукашэнкі? Ці можна гэта зьвязаць зь нейкай палітычнай кампаніяй, пра якую гавораць многія аналітыкі, ці гэта ўжо стратэгічная пазыцыя, і Лукашэнка, як больш дасьведчаны палітык, будзе менавіта так паводзіць сябе са сваімі кадрамі?”
(Чыгір: ) “Гэта сьведчыць, што трэба чакаць пэўных навінаў у нашай краіне. І такой навіною можа стаць рэфэрэндум, які рыхтуецца. Невядома, будзе ён ці не, але ён рыхтуецца. І таму хочацца паказаць, што прэзыдэнт не такі ўжо й дрэнны. Нават тыя, хто спатыкнуўся, вяртаюцца да ўлады, атрымліваюць добрыя крэслы. Каб лепш думалі пра прэзыдэнта, тая ж намэнклятура, якая пры апытаньнях дае шалёныя вынікі — 9 з 10 чыноўнікаў адказваюць, што нам трэба зьмена ўлады”.
(Цыганкоў: ) “Наколькі стратэгічным ёсьць цяперашняя зьмена стаўленьня Аляксандра Лукашэнкі да намэнклятуры? Ці гэта вымушаная тактычная зьява?”
(Класкоўскі: ) “Мяркую, што гэта такая змушаная эвалюцыя. Узгадаем, што Лукашэнка прыйшоў ва ўладу як барацьбіт з карупцыяй, з намэнклятурай. Нейкі час ён гэты імідж усяляк падтрымліваў. Нават калі былі нейкія калізіі, ён кідаў свайму атачэньню — “я вас не баюся, са мной народ” і гэтак далей. А сёньня — рэйтынг падае, падтрымка ня тая, і калі сапраўды мець на ўвазе нейкую кампанію накшталт рэфэрэндуму, дык маштабы магчымых маніпуляцыяў патрэбныя большыя, чым раней. Цяпер праца адміністратыўнага рэсурсу, “нефармальная” праца намэнклятуры ў дасягненьні патрэбных вынікаў павінна быць больш імпэтнай. А сумненьні ў стане намэнклятуры ўсё большыя.
Таму трэба намэнклятуру ўлагоджваць, дэманстраваць, што “я з вамі, а вы са мной”. І гэтая нотка, нотка “кругавой парукі” гучыць усё часьцей. Напрыклад, можна ўзгадаць вялікую прэсавую канфэрэнцыю для расейскіх рэгіянальных журналістаў, калі быў прадэманстраваны артыстычны клопат пра асяродак. У кантэксце размовы пра трэці тэрмін Лукашэнка казаў, што ён, маўляў, думае не пра сабе, а пра Латыпава, Пяткевіч: “…Яны ж са мной столькі прапрацавалі, а тут ужо востраць шаблі гэтыя “адмарозкі” з апазыцыі”. Тут падтэкст такі — “вы ўжо зьвязаныя са мной, нікуды вы не падзенецеся. Трэба трымацца да апошняга, іначай ніякай пэрспэктывы ў вас ня будзе пры іншай уладзе”.
(Цыганкоў: ) “Ці можна казаць, што Лукашэнка ўжо ахвяраваў іміджам “народнага прэзыдэнта”, ці ён імкнецца такім заставацца ў вачах насельніцтва?”
(Класкоўскі: ) “Масавая сьвядомасьць фрагмэнтарная. І запамінаецца яркі спэктакль, напрыклад, момант, калі Лукашэнка прылюдна кажа Навіцкаму: “вы мяне падманулі” і гэтак далей… А ня тое, што потым болей прыглушана была сказана, што “…вы — кадр такі, які на дарозе не валяецца, і вас недзе прыладкуем”. Першае выказваньне, яркае, экспрэсіўнае,— запамінаецца, застаецца ў масавай сьвядомасьці. Таму ідзе яшчэ й гульня на публіку — Лукашэнка імкнецца спалучыць прыемнае з карысным”.
(Цыганкоў: ) “Гэтыя перастаноўкі яшчэ раз сьведчаць пра стан беларускай улады ды ўсяго грамадзтва. У іншых краінах людзі, сыходзячы з улады, знаходзяць сябе зноў у жыцьці — пішуць кнігі, успаміны, працуюць экспэртамі, робяцца бізнэсоўцамі. Аднак у Беларусі выхаду зь дзяржаўнай сыстэмы няма — чалавек сыходзіць або ў нікуды, або ў турму, ці зноў вяртаецца ў сыстэму і чакае, калі вышэйшы кіраўнік яго зноў заўважыць і дасьць пасаду”.
(Чыгір: ) “Калі вядомы бізнэсоўца ідзе ва ўладу, то ён, як прыходзіць тэрмін, вяртаецца туды, дзе працаваў раней — у карпарацыі, фірме ці навуцы. А ў Беларусі ва ўладу прыйшлі людзі, якія за сьпінай нічога ня маюць. Гэта вельмі дрэнна. Добра было б, каб Лукашэнка прызначаў людзей, якія працавалі ў бізнэсе, ведаюць, што такое падаткі, як іх цяжка плаціць, колькі іх трэба плаціць, як цяжка працаваць, калі кантралёраў больш чым працаўнікоў. Але гэтага ў нас няма.
Атрымліваецца, што як міністра звальняюць з працы, то ён мусіць ісьці на пэнсію,— а калі век не пэнсійны, дык ён нікуды ня можа пайсьці працаваць. Бо ў яго няма досьведу працы ў іншых сфэрах, бо так камплектуюцца кадры. Іх трэба інакш камплектаваць, і тады менш было б праблемаў у таго, хто сыходзіць зь дзяржаўнай працы.
Я прыйшоў працаваць ва ўрад як банкір. Калі б далі мне магчымасьць, я б вярнуўся ў банк. Яно так і павінна быць — узялі чалавека на дзяржаўную службу, потым ён вярнуўся сюды або знайшоў новае месца. А калі ўвесь час чыноўнік працуе на дзяржаўнай службе, то ён добра не адчувае краіну, не адчувае, чым яна жыве. Бо акрамя дзяржаўнай пасады ён іншай не займаў. А калі адпрацуе там, то яму няма куды вяртацца”.
(Цыганкоў: ) “Нагадаю, што Аляксандар Папкоў, пра якога мы пачалі гаварыць, ад 1978 году працаваў у Шклове на розных партыйных пасадах, і развал кампартыі ў 1991 годзе сустрэў на пасадзе кіраўніка Шклоўскага райкаму КПБ. Гэта пра тыя карані, адкуль выйшла сёньняшняя намэнклятура. І пра сёньняшнюю ўладную сыстэму калісьці трапна было заўважана, што туды ўваход — рубель,а выхад —два”.
(Класкоўскі: ) “Сапраўды, цяперашняя сыстэма ўлады трушчыць ня толькі апанэнтаў, а трушчыць і душы тых, хто працуе на гэтую сыстэму. Іншым разам назіраеш чарговы спэктакль у жанры “фэйсам аб тэйбл”, і думаеш — няўжо ў ніводнага чалавека ня знойдзецца ані кроплі нейкай мужчынскай годнасьці, каб сказаць у вочы, бразнуць дзьвярыма. Няўжо ты прападзеш у гэтым жыцьці?
Аказваецца, у каго была гэтая кропля годнасьці — іх ужо “вычысьцілі”. І засталіся тыя людзі, якія адчуваюць сябе “адпрацаваным матэрыялам”. Ці пры зьмене ўлады яны стануць “адпрацаваным матэрыялам”. Яны ні на што ня вартыя. І на такіх людзях трымаецца гэтая сыстэма. Таму зразумела, што яна недаўгавечная. І рана ці позна яна будзе зьмененая”.