БЕЛАРУСКІЯ КАЛГАСЫ І САЎГАСЫ ПАДВЯЛІ АЛЯКСАНДРА ЛУКАШЭНКУ

Міхал Стэльмак, Менск

Тэма піваварнага ячменю сёлета гучала неаднойчы на нарадах з удзелам Аляксандра Лукашэнкі, дзе ішла размова пра беларускае піва. Лукашэнка апошнім часам гэтай тэме надае шмат увагі. Яшчэ вясною ўрад атрымаў ад яго распараджэньне распрацаваць праграму забесьпячэньня беларускай піваварнай прамысловасьці айчыннай сыравінай. Міністэрства эканомікі ў тэрміновым парадку такую праграму стварыла і перадала для выкананьня аграрнікам. У дакумэнце гаворыцца, што патрэбы Беларусі ў ячмені для поўнай загрузкі айчынных бровараў складаюць 128 тысяч тон. Але пачынаючы з 1995 году і, асабліва, у апошнія тры гады адчуваецца востры дэфіцыт якаснага піварнага ячменю. Напрыклад, летась яго было закуплена 33 тысячы тон, што складае толькі чацьвертую частку ад неабходнай колькасьці. А 79 тысяч было закуплена па-за межамі Беларусі.

Вядома, імпарт такога ячменю патрабуе выдаткаў, і Лукашэнка палічыў, што краіна зможа эканоміць на тым, што вырошчваць такі ячмень будуць самі беларускія калгасы і саўгасы. Гэтае ўказаньне неўзабаве набыло тэарэтычную базу, паводле якой Беларуь нібыта паводле сваіх умоваў адносіцца да зоны, спрыяльнай для вырошчвання піваварнага ячменю. У Міністэрстве эканомікі нават зазначылі, што асабліва якасны піварны ячмень можна вырасьціць у цэнтральных раёнах, інакш кажучы на Меншчыне. Была нават прыведзена гаспадарка, зь якой можна браць прыклад. Гэта сельскагаспадарчае прадпрыемства “Гарадзея” Нясьвіскага раёну. Чыноўнікі Міністэрства сельскай гаспадаркі, выконваючы ўказаньне Лукашэнкі, без ніякай экспэртызы ўзялі пад гэтую праграму грошы і раздалі калгасам і саўгасам на вырошчванне такога ячменю.

Паўстае пытаньне, ці вырас гэты піваварны ямень? Вырас, але не піваварны. Залішне будзе гаварыць, што калі ў лепшай беларускай гаспадарцы – “Гарадзеі” – ня вырас якасны піварны ячмень, то ў іншых калгасах і саўгасах вынікі яшчэ горшыя. Адным словам, ініцыятыва Лукашэнкі, каб Беларусь перайшла на самазабесьпячэнне сваім піварным ячменем правалена. Ва ўсялякім разе сёлета. Насьпявае скандальная сытуацыя, але ня выключана, што ўлады паспрабуюць яе замаўчаць.

На 30 жніўня ўладамі прызначана гучнае мерапрыемства на тэму разьвіцьця піваварнай прамысловасьці. Будзе абвешчана, што Беларусь уласнымі сіламі рэканструявала “Крыніцу”. Аляксандар Лукашэнка ўжо анансаваў гэтае мерапрыемства, выступаючы некалькі тыдняў таму на расейскім канале НТБ, а таксама на прэсавай канфэрэнцыі для прадстаўнікоў расейскіх рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі. Несумненна, гэта робіцца для таго, каб апраўдаць спыненьне супрацоўніцтва з расейскай піваварнай кампаніяй “Балтыка”. Пры гэтым ён падкрэсьліваў, што “Балтыка” навязвала яму ідэю імпарту сыравіны для піва, а ён заяўляў, што якасны піваварны ячмень вырасьцяць і беларускія сяляне. Як бачым, беларускія калгасы і саўгасы Лукашэнку ў гэтым пытаньні моцна падвялі.