Джэймс Лукашэнка і два ягоныя сябры, якія ўсе разама паходзяць з канадыйкага гораду Вініпэгу, зараз падарожнічаюць па Эўропе. Непасрэдна ў Беларусь яны трапілі з Польшчы. Джэймс Лукашэнка асабліва падкрэсьлівае, што галоўная мэта ягонага візыту – менавіта турызм. Але ён спадзяецца на асабістую сустрэчу ў Менску з Аляксандрам Лукашэнкам, якога называе сваім дзядзькам. Джэймс Лукашэнка тлумачыць, што пра сваяцкія адносіны з кіраўніком Беларусі яму распавёў бацька, дзед якога і дзед Аляксандра Лукашэнкі быццам бы былі роднымі братамі і жылі на Ўкраіне. Напярэдадні сваёй вандроўкі ў Эўропу Джэймс Лукашэнка даслаў Аляксандру Лукашэнку ліст празь Інтэрнэт, у якім распавёў пра сваяцтва і паведаміў пра намер прыехаць у Беларусь.
Адказу ён, аднак, не атрымаў. Падчас знаходжаньня ў Берасьці Джэймс Лукашэнка тэлефанаваў на радзіму – у горад Вініпэг – і там яму пацьвердзілі, што адказу зь Беларусі не было. Тым ня менш канадыйскі грамадзянін, які называе сябе траюрадным пляменьнікам Аляксандра Лукашэнкі, не губляе надзеі сустрэцца са сваім дзядзькам.
Я запытаў у Джэймса, што ён яшчэ ведае пра Беларусь, пра Аляксандра Лукашэнку і як ставіцца да таго, што ягоны сваяк набыў нэгатыўны імідж у большасьці краінаў сьвету. Джэймс Лукашэнка шчыра прызнаўся, што ведае пра гэта вельмі мала, бо сродкі масавай інфармацыі ў ягонай краіне падаюць у асноўным толькі навіны, што тычацца падзеяў у Злучаных Штатах Амэрыкі і Канадзе.
Падчас нашай гутаркі Джэймс Лукашэнка таксам распавёў, што пасьля Беларусі ён мае намер наведаць Санкт-Пецярбург, а таксама Ўкраіну – менавіта тыя мясьціны, адкуль паходзяць ягоныя продкі.
Дадам яшчэ, што Джэймсу Лукашэнку 36 гадоў, ён працуе інжынэрам і сваім выглядам чымсьці нагадвае Аляксандра Лукашэнку без вусоў і мае сьвятлейшы колер валасоў.