НЯГЛЕДЗЯЧЫ НА НЕБЯСЬПЕКУ, ПРАДСТАЎНІКІ ААН І НАДАЛЕЙ ЗАСТАНУЦЦА Ў ІРАКУ

Аляксей Дзікавіцкі, Прага

“Абодва ўчорашнія замахі – у Багдадзе і пазьней у Ерусаліме – былі справай тэрарыстаў, якія ня бачаць нічога дрэннага ў тым, каб забіваць нявінных людзей дзеля прапагандысцкіх мэтаў. Галоўнае для тэрарыстаў – гэта перашкодзіць рабіць тое, чаго хоча большасьць людзей у Іраку, Ізраілі ці Палестыне”, – піша ў сёньняшнім нумары “The Washington Post”.

Паводле газэты, выбух у штаб-кватэры ААН сьведчыць таксама і пра тое, што інтэрнацыяналізацыя антыірацкай кааліцыі, якой кіруюць Злучаныя Штаты, наўрад ці спыніць хвалю тэрарыстычных замахаў, а бяз гэтага адбудаваць Ірак будзе складана.

Пра неабходнасьць стварэньня ўмоваў бясьпечнай працы для прадстаўнікоў ААН, якія ў часе выкананьня сваіх абавязкаў ніколі ня мелі зброі ці кулеадпорных камізэлек, яшчэ раней казаў кіраўнік місіі ААН у Іраку Сэрджыо Віера Дэ Мэло, які трагічна загінуў учора.

(Віера Дэ Мэло: ) “Галоўная праблема – гэта недахоп бясьпекі, асабліва ў буйных гарадох, пачынаючы з Багдаду. З уласнага досьведу я ведаю, што ў любой краіне нялёгка ўсталяваць парадак, калі дзяржаўныя ўстановы не функцыянуюць. Таму да пэўнай ступені я разумею, што адбываецца, і зраблю ўсё, каб пераканаць улады надаваць як мага болей увагі бясьпецы, бо бяз гэтага нічога пабудаваць немагчыма”.

Сэрджыо Віера Дэ Мэло, паводле “The Washington Post”, быў адным з найбольш таленавітых і адданых сваёй справе дыпляматаў ААН.

Паводле некаторых меркаваньняў, сьмерць менавіта Сэрджыо Віера Дэ Мэло была галоўнай мэтай тэрарыстычнага замаху.

Нягледзячы на трагічныя наступствы выбуху, генэральны сакратар Арганізацыі Аб’еднаных Нацыяў Кофі Анан заявіў, што прадстаўнікі ААН і надалей застануцца ў Іраку, і іх ня ўдасца запалохаць.

Некаторыя адмыслоўы мяркуюць таксама, што ўчорашні тэрарыстычны замах можа спрычыніцца да больш шчыльнага супрацоўніцтва паміж ААН і Злучанымі Штатамі і зробіць пазыцыю Аб’еднаных Нацыяў у Іраку больш моцнай.

Паводле экспэрта Вашынгтонскага інстытуту ў справах Блізкага Ўсходу Рэйманда Тантэра, апошнія падзеі ў Багдадзе падштурхнуць крытыкаў ірацкай вайны, такіх як Францыя ці Расея, да больш актыўнага ўдзелу ў адбудове Іраку.

(Тантэр: ) “ААН атрымае новы мандат у Іраку і будзе абараняць свае пазыцыі, абараняць у прамым сэнсе. Нельга забіць чалавека, які прадстаўляе генэральнага сакратара ААН, і чакаць, што генэральны сакратар будзе паводзіць сябе мякка. Насамрэч ён вельмі моцны чалавек і ня будзе схіляцца пад вагнём”.

З другога боку, некаторыя адмыслоўцы лічаць, што ўчорашні выбух у Багдадзе можа стрымаць частку міжнароднай гуманітарнай дапамогі Іраку, а краіны-хаўрусьнікі ЗША будуць больш асьцярожна падыходзіць да высылкі сваіх войскаў у Пэрсыцкую затоку.