У БЕЛАРУСКІМ ЛІЦЭІ БУДЗЕ НОВЫ ДЫРЭКТАР

Алег Грузьдзіловіч, Менск

У кіраўніцтве Беларускага гуманітарнага ліцэя чарговыя кадравыя зьмены. Паводле зьвестак, замест Тамары Шчарбацэвіч, якая тры месяцы таму замяніла на гэтай пасадзе Ўладзімера Коласа, прызначаны новы дырэктар. Аднак, ягонае прозьвішча не паведамляюць. Вядома толькі, што гэта жанчына і што яна кандыдат навук. Між тым, якімі дакладна навукамі займаецца новы дырэктар Беларускага ліцэя, таксама высьветліць не ўдалося.

Нагадаем, канфлікт вакол Беларускага ліцэя пачаўся менавіта з замены на пасадзе кіраўніка добра вядомага грамадзкасьці Ўладзімера Коласа на шэраговую чыноўніцу сыстэмы адукацыі Тамару Шчарбацэвіч, якая нават не валодала беларускай мовай. Тамару Шчарбацэвіч тэрмінова накіравалі падвучыцца на курсах, але, паводле зьвестак, іспыт па беларускай мове яна нібыта не здала, і таму ў гарадзкой управе адукацыі вырашылі падшукаць ёй замену. Калі гэта сапраўды зроблена, новы дырэктар хутка пачне фармаваць пэдагагічны калектыў ліцэя, у якім, як лічыць былы дырэктар Уладзімер Колас, ня знойдзецца месца для ранейшых выкладчыкаў.

(Колас :) ”Вядома, што нікога з выкладчыкаў, ды нават і бібліятэкара, на працу ў новы гарадзкі ліцэй не бяруць. Гэта было сказана адкрытым тэкстам, хаця раней гарантавалі, што ўсе, хто выкажа жаданьне, пяройдзе працаваць у гарадзкі ліцэй. Такім чынам гэта будзе нейкая новая навучальная ўстанова, якая ня мае нічога агульнага з нашым ліцэем, які яны спрабуюць зараз зьнішчыць”.

Ва ўправе адукацыі Менску, аднак, адмовіліся пацьвердзіць ці абвергнуць зьвесткі пра прызначэньне новага дырэктара Беларускага ліцэя.

Тымчасам бацькі ліцэістаў паспрабавалі праверыць, наколькі праўдзівымі ёсьць абяцаньні кіраўніцтва гарадзкой управы адукацыі захаваць асаблівасьць ліцэйскага навучаньня ў менскіх гімназіях. Нагадаю, управа прапанавала разьмеркаваць навучэнцаў ліцэя ў шэраг менскіх гімназіяў на час рамонта будынку. 20 жніўня бацькі ліцэістаў наведалі 9 менскую гімназію. Яны высьветлілі, што гімназія не гатовая прыняць адразу две 10 клясы, як плянуюць у гарадзкой управе. Да того ж, асаблівасьці навучаньня наўрад ці застануцца. Распавядае маці ліцэісткі Галіна Папова.

(Папова: ) “Курсы беларускай літаратуры і ўвогуле мастацтва ў ліцэі адрозьніваюцца ад гімназічных курсаў, якія цалкам адпавядаюць звычайнай школе. Нашыя дзеці літаратуру за 10-ю клясу звычайнай школы ўжо вывучалі. Яны працавалі па аўтарскай праграме Лявона Баршчэўскага і таму прыйсьці ў 10 клясу і паўтараць тое, што яны ужо вывучылі ў 9-ай –– ну які тут сэнс?”

Гэта была маці вучаніцы 10 курсу беларускага ліцэя Варвары Паповай. Дзяўчына сёньня зьбірала подпісы ў абарону ліцэя. Сама яна кажа, што нават калі б праграмы гімназіі яе задаволілі, усё роўна яна не пагадзілася б пераводзіцца. Варвара Папова пакуль верыць, што грамадзе па сілах абарананіць яе альма-матэр – Беларусі гуманітарны ліцэй.