У БЕЛАРУСЬ ПРЫЕХАЎ ЧАЛАВЕК, ЯКІ НАЗЫВАЕ СЯБЕ СВАЯКОМ АЛЯКСАНДРА ЛУКАШЭНКІ

Алег Супрунюк, Берасьце

Джэймс Лукашэнка паведаміў Радыё Свабода, што зараз ён падарожнічае па Эўропе, а ў Беларусь прыехаў упершыню. Напярэдадні візыту ён праз Інтэрнэт даслаў ліст Аляксандру Лукашэнку, у якім распавёў, што зьяўляецца ягоным траюрадным пляменьнікам. Паводле Джэймса Лукашэнкі, ягоны прадзед, а таксама дзед Аляксандра Лукашэнкі былі братамі і разам жылі ва Ўкраіне. У пачатку мінулага стагодзьдзя продкі Джэймса Лукашэнкі пераехалі ў Канаду.

Джэймс Лукашэнка паведаміў, што не атрымаў адказу на свой ліст, але не губляе надзеі сустрэцца з Аляксандрам Лукашэнкам цягам бліжэйшых дзён, калі грамадзянін Канады будзе знаходзіцца ў Менску. Пасьля Беларусі Джэймс Лукашэнка і ягоныя сябры плянуюць падарожжа ў Санкт-Пецярбург, а таксама ва Ўкраіну.