“Звязда” ў 1953 годзе надрукавала ўрадавае паведамленьне пра выпрабаваньне вадароднай бомбы ў Савецкім Саюзе:
“Гэтымі днямі ў Савецкім Саюзе, у выпрабавальных мэтах, быў зроблены выбух аднаго зь відаў вадароднай бомбы. З прычыны ажыцьцяўленьня ў вадароднай бомбе магутнай тэрмаядзернай рэакцыі выбух быў вялікай сілы. Выпрабаваньне паказала, што магутнасьць вадароднай бомбы ў многа разоў перавышае магутнасьць атамных бомб. Вядома, што Савецкі Саюз ужо некалькі гадоў як уладае атамнай зброяй і зрабіў адпаведныя выпрабаваньні гэтай зброі. Як вынікае з выступленьня Старшыні Савета Міністраў СССР Г.М.Маленкова 8 жніўня г.г. на пятай сэсіі Вярхоўнага Савета, Савецкі Саюз авалодаў таксама сакрэтамі вытворчасьці вадароднай бомбы”.
“Знамя юности” ў 1963 годзе пад загалоўкам “Гаворыць Менск!” паведамляе:
“Пазыўныя Беларускага радыё 15 жніўня ўпершыню прагучалі з новых студыяў. Пачаў дзеяць вялікі чатырохпавярховы Дом радыё. Новае збудаваньне, што ўпрыгожыла адну з цэнтральных вуліц гораду, абсталяванае першакляснай тэхнікай. Абсталяваньне цэнтральнай апаратнай дазваляе адначасна весьці дзесяць розных праграмаў вяшчаньня. Усе 11 студыяў радыёдому абсталяваныя каркасамі, якія “плаваюць”, што дазваляе стварыць паміж сьценамі паветраную праслойку дзеля поўнай ізаляцыі іх ад любых шумоў. У будынку налічваецца больш за сто рабочых пакояў. Сярод іх апаратныя складанага мантажу перадачаў, кабіны праслухоўваньня, лябараторыі, майстэрні, тэлетайпная, нотная і кніжная бібліятэкі”.
Нарэшце, “Звязда” ў 1983 годзе піша:
“На перакрыжаваньні менскіх вуліцаў — Ванеева, Кашавога і праспэкту Ракасоўскага — сышліся, па сутнасьці, мноства шляхоў-дарог, якія вядуць у сталіцу нашай рэспублікі. Тут гасьцінна расчыніў дзьверы новы аўтавакзал “Усходні”. Ён будзе абслугоўваць пасажыраў міжнародных і прыгарадных лініяў на маскоўскім, магілёўскім, бабруйскім і віцебскім напрамках. Разьлічаны вакзал на адпраўку 500 пасажыраў у гадзіну, або 10–12 тысячаў у дзень. Надзейна зьвязаны новы аўтавакзал і з рознымі раёнамі гораду — да раней дзейнічаўшых прыбаўляюцца новыя тралейбусныя і аўтобусныя маршруты. Асобныя зь іх зьвяжуць “Усходні” з чыгуначным вакзалам і аэрапортам, будуць дастаўляць транзытных пасажыраў на аўтавакзал “Цэнтральны”.