У “Звезде” за 1923 годзе лекар Л.Рубінштэйн пад загалоўкам “Барацьба з вэнэрызмам у Чырвонай Арміі” піша:
“У той час, як у 1909 годзе працэнт вэнэрычных захворваньняў у арміі Германіі быў 19,4, Злучаных Штатаў — 21,6, Францыі — 23, Англіі — 31,5 на 1000 салдатаў, старая руская армія давала 47,9, саступаючы ў гэтым адно Аўстрыі (54,7) і Італіі (89,1). Існуючыя ў арміі вэнэркі трэба сыстэматычна лавіць, ізаляваць, паколькі яны небясьпечныя, і лячыць. Спартыўныя і гімнастычныя практыкаваньні павінны быць пастаўлены на належную велічыню: мацуючы арганізм і выклікаючы адчуваньне стомленасьці, сон, яны ствараюць няўдзячную глебу для ўзьнікненьня палавых пошукаў і пачуцьцёвых уяўленьняў”.
“Беларуская газэта” ў 1943 годзе пад загалоўкам “Беларускія студэнты мэдыцыны даканчваюць сваю навуку” піша:
“12 жніўня сялета Гэнэральны Камісар Беларусі гаўляйтар Кубэ прыняў у залі Камісарыяту беларускіх студэнтаў мэдыцыны, якія ад’язджаюць у Магілёў для заканчэньня свае мэдычнае навукі, перапыненае вайной. Разам зь імі едуць ізь Менску й беларускія прафэсары мэдыцыны, якія будуць у супрацоўніцтве з вайсковымі і цывільнымі ўладамі весьці Мэдычны інстытут пад кіраўніцтвам выдатнага нямецкага лекара прафэсара Фрайбургскага ўнівэрсытэту д-ра Э.Т.Наўка. Гэнэральны Камісар прамовіў на разьвітаньне: “Я жадаю вам добрых вынікаў у вашай навуцы, а пасьля ў вашай працы. Чым лепш будзеце вучыцца, тым хутчэй будзеце лекарамі”.
“Народная газета” 18 жніўня 1993 году, загаловак артыкула “Шлях да посьпеху адмерыць менскі час”:
“400 тысяч мэханічных і кварцавых гадзіньнікаў прадаў у Казахстане ўсяго за адзін дзень Менскі гадзіньнікавы завод “Луч”. Дарэчы, 45% гадзіньнікавых мэханізмаў, якія вырабляюць менчукі, рэалізуюцца ў Ганконгу, дзе мясцовыя бутлегеры апраўляюць карпусы “Ролексу”, “Сытызэн” ці “Сэйко” і пасьпяхова збываюць турыстам з краінаў СНД пад маркай фірмовых. Аднак гэта толькі сьведчыць пра якасьць і аўтарытэт беларускай прадукцыі. Прадстаўнікі “Луча” і алма-ацінскія дыстрыбутары зь фірмы “Адал” заключылі пагадненьне з дырэкцыяй міжнароднага конкурсу “Азія Даўысы” пра тое, што ўсе канкурсанты выйдуць на сцэну, маючы на руцэ гадзіньнік з маркіроўкай “Луча”.