Я зараз знаходжуся ля брамы Нацыянальнага гуманітарнага ліцэя. Тут сабрадася больш за сотню чалавек – барды, пісьменьнікі, паэты. Ліцэісты сёньня ўжо ладзілі пікет ля рэстарацыі "Паціо-Піцца": яны трымалі плякаты "Пакіньце нас у спакоі!", "Наша права – ваш абавязак". Пікет абышоўся без эксцэсаў.
Паколькі на вуліцы Кірава моцны рух, і выступоўцаў кепска чуваць, яны становяцца на крэсла. Мінулым разам на гэтым крэсьле выступаў Уладзімер Арлоў і пакінуў свой аўтограф. Цяпер вырашана, што ўсе, хто будуць выступаць на гэтым крэсьле, будуць расьпісвацца на ім. Мяркуецца, што потым гэтае крэсла паставяць у музэі ліцэя.
Побач са мной паэт Уладзімер Някляеў.
(Някляеў: ) "Я ўжо амаль пяць гадоў ня меў магчымасьці чытаць свае вершы ні перад кім у Беларусі, і для мяне самога сымбаль, знак, што цяпер я магу чытаць вершы менавіта перад гэтай аўдыторыяй каля ліцэю. Бо тое, што яны робяць, як адстойваюць свой ліцэй, выклікае ў мяне пачуцьцё гонару за іх. З боку ўлады напад на ліцэй – гэта сплянаваны ўдар па будучыні Беларусі. І з боку людзей, якія тут сабраліся – гэта адстойваньне будучыні. І таму я тут".
Выказаць салідарнасьць ліцэістам, выкладчыкам, іхным бацькам прыйшлі барды. Слова Зьміцеру Сідаровічу.
(Сідаровіч: ) "Ня мог сядзець дома, бо ліцэй – гэта вельмі сур'ёзная справа. Праўду кажуць тыя, хто атаясамлівае лёс ліцэя зь лёсам Беларусі. Тут – ці ня самы грунтоўны асяродак, які нам проста неабходна адстояць".
З-за плоту за імпрэзай назіраюць міліцыянты. Яны зусім не агрэсіўныя, і ў мяне ўражаньне, што імпрэза ім нават падабаецца.
А тым часам выкладчыкі і бацькі ліцэістаў рыхтуюцца да навучальнага году. Яны набываюць усё неабходнае для заняткаў – падручнікі, мапы, рэквізыт. Сяргей Патаранскі, настаўнік і мастацкі кіраўнік ліцэйскага тэатру, заявіў нашаму радыё, што навучальны год пачнецца ў ранейшым складзе калектыву ліцэя.